Пошук

29.03.2021 17:39   Тэкст: Ян Багдановіч / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

28 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава абрадам адкрыцця дзвярэй катэдры распачалі Вялікі тыдзень.

Цэлебрацыю літургіі Пальмовай нядзелі ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB.

Ва ўрачыстай працэсіі літургічная служба разам з галоўным цэлебрантам прайшла на катэдральную плошчу, дзе сабралася мноства вернікаў, нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю. Нагадаем, што ў мінулым годзе, калі ў Беларусь прыйшла першая хваля пандэміі, на Вялікі тыдзень і велікодныя святы касцёлы краіны літаральна апусцелі.

Пасля абраду благаслаўлення вербаў і працэсіі навокал святыні біскуп падышоў да зачыненых галоўных дзвярэй катэдры, пасля чаго распачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця дзвярэй. Было абвешчана, што Кароль славы ўваходзіць у святыню. Каралём славы з’яўляецца Хрыстус, які стаіць каля дзвярэй і стукае. Біскуп Аляксандр сімвалічна пагрукаў пастаралам у дзверы катэдры.

На заканчэнне дыялогу біскупа, які заставаўся перад зачыненымі дзвярыма, і кантарам унутры святыні, дзверы былі адчынены на знак таго, што Хрыстус праз ахвяру свайго жыцця адкрыў перад чалавекам браму неба.

У гаміліі іерарх патлумачыў, якой думкай кіраваліся нашы айцы, аб’ядноўваючы ўрачыстую працэсію з пальмамі з успамінам пра Муку Пана, якая ў паўсюдным Касцёле ўзгадваецца ў Вялікую пятніцу, а значыць толькі праз пяць дзён пасля Пальмовай нядзелі.

«Успамін пра Муку Пана невыпадкова аб’ядноўваецца з працэсіяй. Гэта вучыць нас не спадзявацца на зямныя радасці, якія прамінаюць і саступаюць месца смутку. Таму не будзем настолькі неразумнымі, каб атрымаць смяротны ўдар ад уласнага росквіту. У дні шчасця будзем памятаць, што надыходзяць і смутныя дні, бо (…) свет гэты — сумесь дабра і зла», — сцвердзіў іерарх.


Біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну вылучыў чатыры катэгорыі ўдзельнікаў трыумфальнага шэсця, а ў наш час — працэсіі ў Пальмовую нядзелю: «У працэсіі былі тыя, хто ішоў наперад і рыхтаваў шлях. Яны прадстаўляюць тых, хто рыхтуе шляхі для Пана ў нашых душах, хто вядзе нас і кіруе нашымі крокамі на мірных сцежках. Былі і тыя, хто ішоў ззаду. Яны сімвалізуюць недасведчаных людзей, якія, аднак, пабожна ідуць за тымі, хто наперадзе, і трымаюцца іх слядоў. Я таксама бачу ў працэсіі вучняў Збаўцы, якія мелі прывязанасць да Яго. Гэта тыя, хто абраў лепшую частку, тыя, хто жыве толькі для Бога і хто заўсёды прывязаны да Бога».

«Але таксама я бачу ў працэсіі жывёлу, на якой сядзеў Збаўца. Гэтыя істоты служаць не столькі для прыгажосці працэсіі, колькі для нясення цяжару. Іх наяўнасць не дадае трыумфальнага бляску. Жывёлы не ведаюць, як ствараць прыемнае гучанне, — іх галасы выдаюць толькі рэзкія гукі. З імі даводзіцца дамаўляцца розгай і шпорай.

Людзям, для якіх Божы парадак цяжкі і ўсё з’яўляецца цяжкой ношай, якіх ўвесь час трэба пабуджаць шпорай і бізуном, варта прыкласці намаганні і перамяніцца з жывёлін у асобаў, каб мець магчымасць далучыцца да тых, хто папярэднічае Хрысту, акружае Яго альбо ідзе за Ім.

Я прашу такіх людзей прынамсі набрацца цярплівасці і з пакорай прыняць тое, што робіцца дзеля іх выратавання, нават калі яны не лічаць гэта патрэбным, пакуль Бог, нарэшце, не прывядзе іх да чагосьці лепшага, чым тое, што яны маюць».

На заканчэнне біскуп Аляксандр заклікаў прысутных маліцца, каб не пакідаць у жыцці працэсію, у якой ідзе Езус, «каб аднойчы ўвайсці ў святы горад — нябесны Ерузалем — з гэтай вялікай працэсіяй збаўленых».

Абноўлена 29.03.2021 17:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа