Пошук

22.03.2021 17:03   Тэкст: Кс. Ян Крэміс / Фота: Вольга Наскова / Catholic.by

19-21 сакавіка біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, правёў велікапосныя рэкалекцыі ў сталічнай парафіі Святога Духа (м-н Чыжоўка).

Выбар рэкалекцыяніста быў невыпадковы: на пачатку гэтага года з прычыны хваробы біскуп Юрый не змог прыняць удзел у пасвячэнні новапабудаванага касцёла, таму ён ахвотна прыняў запрашэнне пробашча ксяндза каноніка Яна Крэміса, каб сустрэцца з вернікамі парафіі ў часе падрыхтоўкі да светлай урачыстасці Вялікадня.

Адметна, што рэкалекцыі распачаліся ва ўспамін святога Юзафа, год якога зараз трывае ў паўсюдным Касцёле. Разважаючы над евангельскай гісторыяй пра наведванне Святой Сям’ёй Ерузалема, падчас якога Езус згубіўся ў дарозе, біскуп Юрый заахвоціў прысутных задумацца, ці заўсёды ў нашым хрысціянскім жыцці Хрыстус блізка. Марыя і Юзаф, прайшоўшы дзень дарогі, пачалі шукаць Езуса, і толькі праз тры дні знайшлі Яго ў святыні. Як сцвердзіў рэкалекцыяніст, згубіць Хрыста можна вельмі хутка, а каб адшукаць Яго нанова, патрэбен час.

Па словах іерарха, рэкалекцыі з’яўляюцца часам, які дадзены нам, каб нанова знаходзіць Хрыста.

У дні рэкалекцый іерарх узначаліў набажэнства Крыжовага шляху з удзелам дзяцей, правёў пакутнае набажэнства з рахункам сумлення, служыў вернікам у сакрамэнце пакаяння, цэлебраваў Эўхарыстыі і прамовіў шэраг рэкалекцыйных навук.

На заканчэнне рэкалекцый вернікі падзякавалі біскупу Юрыю за яго пастырскую паслугу, павіншавалі з надыходзячым святам Пасхі і пажадалі моцнага здаро’ўя, каб іерарх і надалей мог аддана служыць Касцёлу і Айчыне.

 

 

Абноўлена 22.03.2021 17:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа