Пошук

18.03.2021 23:08   Курыя Віцебскай дыяцэзіі / Catholicnews.by

Уначы з 17 на 18 сакавіка невядомымі быў учынены акт вандалізму ў касцёле святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі.

Пра злачынства паведаміла Курыя Віцебскай дыяцэзіі на партале Catholicnews.by.

Каля першай гадзіны ночы невядомыя праніклі ў святыню і напісалі чорнай фарбай зняважлівыя словы ў прэзбітэрыі.

Паколькі касцёл злучаны ў адзін комплекс з плябаніяй, шум у будынку пачуў пробашч новалукомскай парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі. Святар паспрабаваў высветліць, што адбываецца ў святыні, аднак вандалы ўцяклі з месца злачынства. Ксёндз Мікалай адразу ж выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі следчых органаў працавалі да самай раніцы.

Пробашч і вернікі парафіі ў Новалукомлі моцна ўзрушаны здзейсненым у іх касцёле злачынствам.

У парафіі адбудуцца адмысловыя набажэнствы перапрашэння за грэх абразы Божай святыні.

Паведамляецца, што пры гэтым табэрнакулюм і Найсвяцейшы Сакрамант засталіся непашкоджанымі.

Курыя Віцебскай дыяцэзіі рашуча асуджае акт вандалізму, які адбыўся ў касцёле ў Новалукомлі, і заклікае злачынцаў пакаяцца, навярнуцца на шлях дабра і выправіць  учыненае зло. Вернікаў Віцебскай дыяцэзіі просяць падтрымаць братоў і сясцёр новалукомскай парафіі малітвай.

Як стала вядома ўвечары 18 сакавіка, праваахоўнымі органамі былі затрыманыя меркаваныя злачынцы. Ва ўчыненым акце вандалізму падазраюцца двое маладых хлопцаў, якія былі змешчаны пад варту.

Абноўлена 18.03.2021 23:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця