Пошук

15.03.2021 10:01   Catholic.by

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты!

«У любых абставінах свайго жыцця Юзаф змог вымавіць сваё «fiat», як Марыя падчас Звеставання і Езус у Гетсэманскім садзе»

(Апостальскі ліст Святога Айца Францішка Patris corde, 3).

У Пятую нядзелю Вялікага посту, што папярэднічае ўрачыстасці Звеставання Пана, Касцёл прадстаўляе нам перспектыву Новага Запавету, які Бог заключыць з чалавекам. Пра гэта нам кажуць словы прарока Ераміі, змешчаныя ў сённяшнім першым чытанні. Раней Бог заключыў з чалавекам чарговы Запавет на гары Сінай, калі перадаў Майсею каменныя табліцы з напісанымі дзесяццю Божымі запаведзямі.

Мы ведаем, што выбраны народ, які вырушыў з Егіпта на Абяцаную зямлю пад чуйным вокам Бога, перастаў гэтаму Богу верыць, ствараючы сабе ўласных бажкоў з золата і іншага шляхетнага матэрыялу. Нягледзячы на клапатлівую апеку, якую Бог праяўляў у адносінах да выбранага народа, чалавек не быў здольны захаваць вернасць Таму, хто вывеў яго з няволі.

Вось чаму, як мы чулі, Бог вырашае даць чалавеку яшчэ адзін шанц і прапануе яму заключыць Новы, адрозны ад папярэдняга, вечны Запавет, запісаны ў сэрцы чалавека.

Як жа сімвалічна, што за некалькі дзён да ўрачыстасці Звеставання Пана Касцёл кажа нам менавіта пра Новы Запавет.

На першы погляд ён не мае нічога супольнага з чаканай урачыстасцю. Аднак калі мы звернемся да крыніцы тэксту Ераміі, то зразумеем, што гэты Новы Запавет Бог заключыць з чалавекам, пасылаючы ў свет свайго Сына Езуса Хрыста дзеля здзяйснення свайго абяцання праз Ягоную муку і смерць.

Такім чынам мы бачым, што абяцанне Новага Запавету, пра які кажа прарок Ерамія, вядзе нас непасрэдна ў дом у Назарэце, дзе Марыя неспадзявана і нечакана прымае прапанову, перададзеную Ёй Анёлам, каб стаць Маці Сына Божага і такім чынам рэалізаваць здзяйсненне абяцання Новага Запавету.

З гэтага выразна відаць, што літургія сённяшняй нядзелі ўводзіць нас у глыбіню сэрца Марыі, у якім скрытыя перажыванні, звязаныя з анёльскім Звеставаннем. Прамоўленае Марыяй fiat — «няхай станецца» — пацвярджае гатоўнасць чалавека прыняць абяцанне Бога, звязанае з Новым Запаветам, аб’яўленым і пацверджаным прыйсцем Езуса Хрыста ў свет, каб такім чынам чалавек мог пазнаць Бога.

У перажыванні таямніцы Уцелаўлення Марыя не адна. Так, як Бог учыніў гэта з Марыяй, калі аб’явіў Ёй свой план збаўлення, падобным чынам Ён аб’явіў свае планы Юзафу. Гэта менавіта ён, святы Юзаф, «у любых абставінах свайго жыцця змог вымавіць сваё «fiat», як Марыя падчас Звеставання і Езус у Гетсэманскім садзе» (Patris corde, 3). Таму сёння варта ўзгадаць гэтага сціплага цесляра (пар. Мц 13, 55), заручанага з Паннай Марыяй (пар. Мц 1, 18), заўсёды гатовага да выканання волі Божай.

У год, калі мы адзначаем 150-ю гадавіну абвяшчэння святога Юзафа Апекуном паўсюднага Касцёла, Святы Айцец Францішак заахвочвае нас нанава адкрыць ролю святога Юзафа ў выкананні абяцання Бога пра заключэнне Новага Запавету.

Гэта ён, святы Юзаф, меў адвагу стаць законным бацькам Езуса, якому даў імя, аб’яўленае Анёлам: «Дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў» (Мц 1, 21).

Зыходзячы са сказанага, можам смела сцвердзіць, што заключэнне Новага Запавету з чалавекам залежала ад паводзінаў Марыі, але ў такой жа ступені і ад святога Юзафа. Сталася так, што Бог даверыўся гэтаму чалавеку, падобна, зрэшты, і Марыя, якая «знайшла ў Юзафе таго, хто не толькі хоча выратаваць Яе жыццё, але таго, хто заўсёды будзе клапаціцца пра Яе і Дзіця» (Patris corde, 5).

Сёння мы шукаем прыклады тых, хто вышэй за ўсё ставіў чалавечае жыццё на ўзор Марыі і святога Юзафа. Яны становяцца перад намі як тыя, хто заўсёды нас падтрымлівае ў цяжкіх справах. Таксама сярод святых было шмат адданых шанавальнікаў святога Юзафа: «сярод іх была Тэрэза Авільская, якая абрала яго сваім Абаронцам і Заступнікам, часта звярталася да яго і атрымлівала ўсе ласкі, аб якіх прасіла; натхнёная ўласным досведам, св. Тэрэза пераконвала іншых развіваць гэтую пабожнасць» (Patris corde, 1; пар. «Кніга жыцця» св. Тэрэзы Авільскай, 6–8). Ідучы за голасам святой Тэрэзы Авільскай, мы сёння просім святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, каб дадаў нам сіл і адвагі стаць актыўнымі абаронцамі чалавечага жыцця.

У бліжэйшы чацвер, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, мы ў чарговы раз будзем адзначаць Сусветны дзень святасці жыцця.

Перажываючы гэтую таямніцу, мы ўсведамляем, што наш натуральны абавязак — абараняць жыццё ад яго зачацця да натуральнай смерці.

Мы здзяйсняем гэта па-рознаму, далучаючыся да разнастайных акцый, якія сведчаць пра каштоўнасць чалавечага жыцця.

Адной з такіх ініцыятыў Каталіцкага Касцёла з’яўляецца «Духоўнае ўсынаўленне»: малітва ў інтэнцыі ненароджаных дзяцей, жыццё якіх знаходзіцца ў небяспецы, і за іхніх бацькоў. Кожны раз яна працягваецца дзевяць месяцаў, а распачынаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана.

Чым жа канкрэтна з’яўляецца «Духоўнае ўсынаўленне»?

Гэта абяцанне, дадзенае Богу; малітоўнае абавязацельства, прынятае канкрэтнай асобай у інтэнцыі ратавання жыцця ненароджанага дзіцяці, чыё імя вядомае толькі Богу і якому пагражае небяспека ва ўлонні маці. Сутнасцю «Духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца штодзённая спецыяльная малітва ў інтэнцыі ненароджанага дзіцяці і ягоных бацькоў, адна з таямніц святога Ружанца, а таксама дабравольна прынятыя рэлігійныя практыкі, такія як святая Камунія, пост, актыўная падтрымка спраў дабрачыннасці.

Сёння, калі мы вучымся ў святога Юзафа клопату і адказнасці за жыццё, заахвочваем да гэтай малітвы святароў, касэкраваных асоб, вернікаў Касцёла і ўсіх людзей добрай волі. «Падобна таму, як Бог сказаў нашаму святому: „Сыне Давіда, не бойся!“ (Мц 1, 20), Ён, здаецца, паўтарае і нам: „Не бойцеся!“» (Patris corde, 4).

Прыміце на сябе адказнасць за жыццё чалавека, бо «кожны раз, калі хтосьці прымае адказнасць за жыццё іншага чалавека, ён у пэўным сэнсе становіцца бацькам гэтага чалавека» (Patris corde, 7).

На трывалую малітву і дзейнасць у абарону жыцця чалавека, якое знаходзіцца ў небяспецы, у год святога Юзафа ад усяго сэрца вас благаслаўляем.

Мінск, 7 сакавіка 2021 г.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка
Старшыня Рады па справах Сям’і пры ККББ

____________________________________

Гэты ліст неабходна прачытаць або выкарыстаць яго змест у гаміліях у Пятую нядзелю Вялікага посту (21 сакавіка 2021 г.) падчас усіх святых Імшаў з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.

 

Абноўлена 06.12.2021 21:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.