Пошук

09.03.2021 09:09   Тэкст і фота перададзены рэдакцыі семінарыстамі / Catholic.by

5 сакавіка семінарысты падрыхтоўчага курсу — асаблівай фармацыйнай супольнасці, што дзейнічае ў Мінску, і дзе пачынаецца шлях да святарства для ўсіх кандыдатаў з Беларусі, — перажылі набажэнства Крыжовага шляху на старажытнай Мядзельскай Кальварыі.

«Вялікі Пост — час пакаяння і ўнутранага аднаўлення, калі мы асаблівым чынам успамінаем муку і смерць нашага Пана Езуса Хрыста, які ўзяў крыж, прыняўшы цяжар грахоў усяго свету на свае плечы.

Гэты час з’яўляецца добрай нагодай, каб аддаць Яму усе свае цяжары, клопаты, слабасці і недасканаласці», — гаворыць куратар падрыхтоўчага курсу ксёндз Павел Эйсмант.

З гэтай мэтай, а таксама для таго, каб ушанаваць збаўчую ахвяру Хрыста ў дзень Яго смерці, у першую пятніцу сакавіка семінарысты падрыхтоўчага курсу разам са сваімі выхаваўцамі — ксяндзом Паўлам Эйсмантам і ксяндзом Алегам Пятрашкам, духоўным айцом, — наведалі Кальварыю пад Мядзелам.

Гэтае гістарычнае месца малітвы, вядомае з 1772 года, у савецкія часы ваяўнічага атэізму было зруйнавана.

Намаганнямі тутэйшых вернікаў і іх душпастыраў, айцоў кармэлітаў босых, Мядзельская Кальварыя была адноўлена, стаўшы адным з бачных знакаў адраджэння Касцёла на нашых землях.

Кальварыя — святыня пад голым небам, пабудаваная на ўзор Крыжовага шляху Езуса Хрыста, — дапамагае паглыбіцца ў атмасферу апошняга зямнога шляху Збаўцы.

Агульная працягласць Крыжовага шляху складае каля двух кіламетраў.

Пераходзячы ад адной стацыі да другой і разважаючы над таямніцамі збаўлення, семінарысты разам з выхавацелямі духоўна спадарожнічалі Хрысту ажно да кульмінацыі Яго збаўчай ахвяры — укрыжавання.

Узыход на гару, якая сімвалічна пазначана трыма Крыжамі, суправаджаўся малітвай і спевамі велікапосных песень. На яе вяршыні супольнасць даверыла Езусу — найвышэйшаму і вечнаму Святару — свой далейшы шлях да святарства.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.