Пошук

05.03.2021 09:49   Catholic.by

Зварот Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на III Нядзелю Вялікага посту 2021 года
(Нядзеля Caritas)

«Беднасць створана людзьмі, а не Богам, бо яны не ўмеюць дзяліцца».
Св. Маці Тэрэза з Калькуты

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры
ў Хрысце Пану!

Божае слова на Трэцюю нядзелю Вялікага посту скіроўвае нашу ўвагу, між іншым, на Божы Закон, добра вядомы нам як дзесяць Божых Запаведзяў. Закон, які рэгулюе адносіны паміж Богам і чалавекам, а таксама людзей паміж сабою. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што нормаў, якія датычацца міжчалавечых адносін, практычна ўдвая больш. Гэта азначае, што на шляху да збаўлення наша стаўленне да бліжняга мае не меншае значэнне, чым адносіны з Богам. Вельмі выразна кажа пра гэта Езус Хрыстус: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Яго умілаваны вучань апостал Ян робіць вядомую нам выснову з гэтай думкі: «Той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20).

На жаль, у сучасным свеце ўсё больш перажываюць крызіс такія паняцці, як ахвярнасць, бескарыслівасць, самааданасць, велікадушнасць.

У вачах свету яны нярэдка ўспрымаюцца як глупства. Аднак гэтыя паняцці таксама уваходзяць у катэгорыю «неразумнага ў Бога», а яно, як сцвярджае сёння апостал Павел, «мацнейшае за людзей» (пар. 1 Кар 1, 25).

Нарэшце, клопатам пра справы Касцёла, да якога мы ўсе з вамі належым, запальвае нас сам Збаўца, які, як апавядае нам сёння Евангелле, рашуча спыняе злоўжыванні, што адбываліся ў доме Ягонага Айца (гл. Ян 2, 16) — у доме, які павінен быць «домам малітвы» (Лк 19, 46). Нас таксама павінен «з’ядаць» клопат пра Божы дом; клопат пра тое, што ў ім адбываецца. Адначасова нельга не памятаць пра патрэбы тых, хто да гэтага дому належыць.

Вялікая хвала Богу за тое, што ў святле хрысціянскай веры мы маем магчымасць належным чынам рэагаваць на існуючыя выклікі часу.

Касцёл ад пачатку свайго існавання асаблівай апекай атуляў людзей, па розных прычынах пазбаўленых сродкаў на існаванне; людзей, якія былі ў пэўнай патрэбе. Сёння Касцёл паспяхова працягвае гэтую місію, і менавіта вы, дарагія духоўныя асобы і вернікі, робіце ў гэтай справе сапраўды шмат.

Словы Маці Тэрэзы з Калькуты, працытаваныя на пачатку звароту, гавораць пра рэчаіснасць свету людзей, дзе так шмат эгаізму і адмежаванасці чалавека ў дачыненні да сабе падобных. Як вынік гэтага — шматлікія ахвяры несправядлівага размеркавання ў сферы эканомікі, палітычныя злоўжыванні і знішчэнне прыроднага асяроддзя. Імкненне да матэрыяльнага ўзбагачэння малой групы людзей часта штурхае цэлыя краіны на шлях беднасці і пазбаўлення магчымасці належнага развіцця дзеля задаволення неабходных патрэб чалавека.

Ва ўсім гэтым варта ясна разумець прычыну такой сітуацыі. Яна не ў недахопе матэрыяльных сродкаў ці прыродных рэсурсаў або, як гэта сёння настойліва прапагандуецца пэўнымі сіламі, у «перанаселенасці» нашай планеты, што нібыта нам пагражае. Прычына ў тым, як трапна зазначыла святая Маці Тэрэза, што людзі не ўмеюць дзяліцца.

Разам з адраджэннем структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, 30-ці годдзе якога мы сёлета адзначаем, распачала дзейнасць і добра вядомая нам арганізацыя Caritas, якая разам з іншымі дабрачыннымі суполкамі на парафіяльным узроўні паклікана не пакінуць чалавека сам-насам з узніклай бядой ці праблемай.

Варта адзначыць, што дзейнасць гэтай структуры сапраўды нясе рэальную дапамогу людзям, прычым у вельмі шырокім спектры жыццёвых сітуацый. Дзеля прыкладу нагадаем некаторыя праекты і ініцыятывы, дзякуючы якім толькі ў мінулым годзе атрымалі дапамогу некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Сярод іх «Сталоўкі для бедных», «Інтэграцыйныя святліцы для дзяцей», «Зімовая дапамога», «Дапамога малазабяспечаным сем’ям», «Арганізацыя дапамогі абяздоленым і самотным», «Сацыяльная дапамога ў перыяд эпідэміі COVID-19», «Дзіцячы дабрачынны сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр», праекты «Дорым прафесію», «Мой свет у фарбах», «YES!», якія дапамагаюць моладзі знайсці працу ці арганізаваць самазанятасць, «Сацыяльныя пункты гуманітарнай дапамогі», «Дамы міласэрнасці і састарэлых», «Інтэграцыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў», а таскама многія іншыя праекты, сярод якіх ёсць нават Студыя інклюзіўнага танца «ІМПЭТ» для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Рэалізацыя ўсіх гэтых праектаў стала магчымай дзякуючы вам, дарагія браты і сёстры. Вам, веруючым людзям, якія не страцілі спачування бліжняму ў патрэбе і здольнасці на ўчынкі міласэрнасці.

Няхай Божая ўзнагарода сустрэне кожнага, хто мае адкрытае сэрца перад абліччам людской бяды і несправядлівасці.

Сёння здзяйсненне праектаў дабрачыннага таварыства Caritas адбываецца са значнай доляй дапамогі ад замежных партнёраў. Для нас гэта вялікая падтрымка і нагода для малітвы ўдзячнасці ў іх інтэнцыі. Аднак нам трэба усведамляць, што гэтая дапамога не можа працягвацца бясконца, і штораз больш мы павінны вучыцца разлічваць на свае сілы. Гэтае заданне мы зможам рэалізаваць агульнымі намаганнямі як з боку адказных структур Касцёла, так і дзякуючы ахвярнасці кожнага верніка.

Нам трэба памятаць, што справа дабрачыннасці застанецца заўсёды неад’емнай часткай дзейнасці Касцёла, бо, як казаў сам Пан Езус, «убогіх заўсёды маеце пры сабе» (Мц 26, 11). Не згубіла актуальнасці гэтая думка і ў наш час. Таму Папа Францішак у энцыкліцы Fretelli Tutti («Усе браты»), між іншым, кажа: «Клопат аб свеце, у якім мы жывем, азначае клопат пра нас саміх. Але мы павінны стаць „мы“, якія жывуць у агульным доме» (FT 17). Тую ж самую думку нясе ў сабе і сацыяльнае вучэнне Касцёла: «Чалавецтва ўсё больш выразна разумее, што аб’ядноўвае яго адно прызначэнне, якое патрабуе ўсведамлення агульнай адказнасці, натхнёнай цэласным і салідарным гуманізмам» (Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, 6).

Сёння мы перажываем ужо трэцюю нядзелю Вялікага посту, і па традыцыі гэта нядзеля Caritas. Побач з нашымі матэрыяльнымі ахвярамі, якія сёння прызначаны на дзейнасць гэтай структуры Касцёла, варта памятаць, што гэта не адзіная магчымасць стаць «добрым самаранінам» у жыцці патрабуючага чалавека. Ёсць шмат розных спосабаў, між іншым і валанцёрская паслуга, якімі мы можам рэалізаваць заклік Хрыста: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).

Няхай гэты заклік знойдзе канкрэтны водгук у нашым сэрцы і дапаможа заўсёды бачыць патрабуючага Хрыста ў церпячым чалавеку.

Няхай час Вялікага посту паспрыяе таму, каб радасць Пасхальнай перамогі Збаўцы змаглі адчуць як мага больш людзей, адкрываючы для сябе святло Божай праўды праз дабрыню і ахвярнасць нашага сэрца.

Няхай Бог благаславіць вас на перажыванне Вялікага посту ў духу братняй любові!

Каталіцкія біскупы Беларусі

Мінск, 5 сакавіка 2021 г.

P.S. Святарам належыць прачытаць гэты зварот падчас кожнай святой Імшы ў Трэцюю нядзелю Вялікага посту.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця