Пошук

01.03.2021 16:35   Паводле: belta.by, newgrodno.by / Фота: belta.by / Catholic.by

26 лютага ў Мінску прайшоў круглы стол «Міжканфесійная згода як важнейшы фактар умацавання грамадскага спакою і стабільнасці», прысвечаны Году народнага адзінства.

Форум праводзіўся па ініцыятыве Следчага камітэту і Інстытуту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі на сустрэчы прадставілі прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Санько і дырэктар нацыянальнага Caritas ксёндз Віталій Дабраловіч.

Як паведамляе агенцтва БЕЛТА, у працы круглага стала ўзялі ўдзел прадстаўнікі рэлігій і канфесій, дзяржаўных органаў, навуковых і адукацыйных установаў, грамадскіх аб'яднанняў, члены Савету Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч падчас сустрэчы выказаў думку, што «ўсе чакалі гэтага мерапрыемства, хацелі выгаварыцца, выказаць свае ідэі для таго, каб унесці свой пасільны ўнёсак у міжканфесійную згоду».

Першы намеснік старшыні Следчага камітэту Алег Шандаровіч, словы якога прыводзіць партал newgrodno.by, адзначыў, што гэта першы ў рэспубліцы падобны форум, які праводзіцца пад эгідай Следчага камітэту.

«У нас атрымалася сабраць такое вялікае кола ўдзельнікаў, прадстаўнікоў усіх канфесій, дзяржорганаў і арганізацый, якія ў тым ліку займаюцца праблемамі алкагалізму, рэсацыялізацыі раней асуджаных асобаў, дэструкцыйнага ўплыву на моладзь.

Следчыя штодзень сутыкаюцца з наступствамі гэтых праблем і разумеюць неабходнасць пошуку новых сродкаў і метадаў дапамогі грамадзянам. Думаю, калі мы аб'яднаем і скаардынуем нашыя намаганні, то павялічым наш супольны вынік», — падкрэсліў Алег Шандаровіч.

Першы намеснік старшыні Следчага камітэту таксама адзначыў, што грамадства і ўзаемаадносіны ў ім развіваюцца імкліва, а духоўнае развіццё адстае ад навукова-тэхнічнага прагрэсу, таму варта шукаць шляхі да аднаўлення гэтага балансу.

Па выніках працы круглага стала ўдзельнікамі была прынята рэзалюцыя, у якой былі вызначаны агульныя мэты і задачы рэлігійных канфесій, дзяржаўных органаў, навуковых і адукацыйных устаноў, грамадсткіх аб’яднанняў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа