Пошук

24.02.2021 14:24   Кс. Юзаф Сярпейка / Фота: кс. Віталій Маргуноў / Catholic.by

22 лютага Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец сустрэўся з духавенствам і кансэкраванымі асобамі Магілёўскага рэгіёна архідыяцэзіі.

У сустрэчы, якая праходзіла ў касцёле Унебаўзяцця Найвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве, узяў удзел Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Традыцыйныя разважанні, якія да гэтага дня духоўных сустрэч падрыхтаваў пробашч парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка, былі прысвечаны пытанню асабістай падрыхтоўкі духавенства і кансэкраваных асобаў да святаў Уваскрасення Пана. Як падкрэсліў святар, «клапоцячыся пра даручаных нашай пастырскай апецы людзей, мы можам несвядома забыць пра збаўленне ўласнай душы».

Між іншым, ксёндз Юзаф Сярпейка падзяліўся думкамі з кнігі нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук «Пяшчотны апавядальнік», якую ён атрымаў у падарунак на свой дзень нараджэння:

«Пяшчота — вось тое, што павінна характарызаваць стаўленне чалавека да іншых. Аўтарка кнігі называе пяшчоту найбольш сціплай формай любові, якая ніколі не прывядзе да злачынства ці зайздрасці і якая з’яўляецца там, дзе з увагай глядзім на іншае — на тое, што не з’яўляецца мной».

У той жа час святар выказаў сваю нязгоду з меркаваннем Вольгі Такарчук адносна таго, што ў Евангеллі пяшчоту ўбачыць немагчыма: «Евангелле — гэта кніга поўная пяшчоты Бога да чалавека».

Папа Францішак, як дадаў кс. Сярпейка, у сваім Апостальскім лісце Patris corde, прысвечаным асобе святога Юзафа, называе апекуна Езуса пяшчотным бацькам. «Езус бачыў у Юзафе пяшчоту Бога. Пантыфік паказвае, што пяшчота як форма любові дазваляе і дапамагае нам застацца ў лучнасці з Богам нават у хвіліны неспакою і сумневаў», — сцвердзіў святар.

«Папа, заахвочваючы нас браць прыклад са святога Юзафа, адкрывае яшчэ адзін аспект: пяшчота дазваляе ўбачыць сваю слабасць і дакрануцца да яе. Наша крытыка адносна іншых вельмі часта выяўляе ўласную няздольнасць прыняць сваю слабасць, сваю крохкасць. Толькі пяшчота абароніць нас ад справы абвінаваўцы», — адзначыў кс. Сярпейка, спасылаючысчя на словы з Кнігі Апакаліпсісу (пар. Ап 12, 10).

«Таму так важна сустрэцца з Божай міласэрнасцю, асабліва ў сакрамэнце пакаяння, і спазнаць праўду ды пяшчоту, — дадаў святар. — Парадаксальна, але нават злы дух можа сказаць нам праўду, аднак робіць ён гэта для таго, каб нас асудзіць.

Але мы ведаем, што Праўда, якая паходзіць ад Бога, не асуджае, а прымае, абдымае, падтрымлівае, прабачае».Цэлебрацыю святой Імшы ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец.

У гаміліі іерарх узгадаў спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, які ў 2011 годзе на месцы тэракту ў Мінску сказаў: «У некаторых сітуцыях трэба прамаўчаць, чым спрабаваць нешта казаць». На думку біскупа, гэтыя словы праваслаўнага іерарха сугучныя з кантэкстам евангельскага ўрыўку пра тое, як Езус вучыць апосталаў малітве «Ойча Наш…»: гэтая малітва зразумелая кожнаму чалавеку, таму няма сэнсу нешта тлумачыць.

Біскуп Велікаселец звярнуў увагу прысутных таксама на значэнне малітвы найперш за сябе, а ўжо потым за даручаную паству, бо злы дух спакушае кожнага.

Іерарх заклікаў не занядбоўваць ружанцовую малітву, бо Марыя, «зачатая без граху і поўная ласкі, заўсёды абароніць ад спакусаў сатаны».

У межах сустрэчы Апостальскі адміністратар абмеркаваў бягучыя душпастырскія справы ў Магілёўскім рэгіёне і адказаў на пытанні святароў.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў сваю чаргу заклікаў святароў да салідарнасці, «каб будаваць Касцёл у еднасці з біскупам», а таксама павіншаваў біскупа Казіміра з надыходзячымі імянінамі, якія прыпадаюць на 4 сакавіка.

На заканчэнне сустрэчы кс. Андрэй Кеўліч у рамках цыклу лекцый «З клопатам пра літургію» прачытаў даклад на тэму «Літургія Божага Слова», у якім абапіраўся на адгартацыю Бэнэдыкта XVI Verbum Domini аб Божым слове.

Абноўлена 24.02.2021 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.