Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
З пачаткам Вялікага посту мы больш выразна ўсведамляем мэту зямнога жыцця Езуса Хрыста, які сам лаканічна дае нам падказку ў сённяшнім Евангеллі:
«Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне» (Лк 9, 22).
Словы Хрыста — умова здзяйснення справы збаўлення свету. Езус тлумачыць таксама пра нашае дачыненне і ўдзел, указвае на сэнс цярпенняў у чалавечым жыцці, якія мы вельмі часта ўспрымаем як кару ад Бога.
Як чытаем у Старым Запавеце, кара ад Бога з’яўляецца наступствам граху. Бог ненавідзіць грэх! У той жа час, чыніць грэх ці не — гэта свабодны выбар чалавека, а лагічныя наступствы гэтага выбару з’яўляюцца не столькі карай Бога, колькі праявай Яго гневу, а таксама вынікам, наступствам ганебнай дзейнасці і амаральных учынкаў чалавека.
Дапушчэнне Богам фізічнага і маральнага зла — таямніца, але Бог не дапусціў бы зла, калі б не мог вывесці з яго дабро.
Гэтая праўда прыадкрываецца нам праз Езуса Хрыста, які памёр і ўваскрос, каб перамагчы зло.
Езус сваім прыкладам паказвае, што цярпенні, пакуты і выпрабаванні ў жыцці чалавека пракладваюць шлях да Бога. Хрыстус праз свае цярпенні і муку збаўляе свет. Мы можам далучыцца да Яго ахвяруючы свае выпрабаванні, і такім чынам, ідучы за Ім, наследуючы Яго, стаць на шлях уласнага збаўлення.
«Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною» (Лк 9, 23).
Адрачыся ад самога сябе азначае паставіць на першае месца ў сваім жыцці Хрыста. Зрабіць гэта мы можам праз прыняцце праўды і ўсведамленне аб’ектыўнага кошту нашай штодзённасці, нашага штохвіліннага выбару ў перспектыве вечнасці.
Хрыстус заклікае нас да рэалізацыі хрысціянскага жыцця ў паўнаце — да наследавання Яго жыццёвага шляху. Хрыстус заклікае да салідарнасці і еднасці з Ім.
Ісці за Хрыстом — гэта значыць прыняць Яго вучэнне і абвяшчаць яго сваім жыццём праз учынкі любові і служэнне бліжняму.
Рабіць усё як Ён, жыць як Ён, любіць як Ён. Гэта няпростая задача для верніка, бо патрабуе сапраўднага самаадрачэння і дакладнага наследавання свайго Збавіцеля.
«А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго» (Лк 9, 24).
Калі мы шчыра жадаем уратаваць сваё жыццё і захаваць яго для вечнасці, то шлях маем адзін: ступаць па слядах, якія з’яўляюцца адбіткамі выпрабаванняў і адрачэнняў, цярпенняў і пакутаў, мукі і нават смерці. Гэта шлях сапраўднага наследавання ў сваім жыцці Хрыста, які накіроўвае нас падчас Вялікага посту.