Пошук

05.02.2021 11:22   Паводле: Парафія святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ / Facebook / Catholic.by

Дзяўчаты, якія займаюцца скаўтынгам пры мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ, правялі свае традыцыйныя зімовыя сустрэчы — зімнікі ў Лагойску і Тракелях.

31 студзеня адбыўся зімовы вылет божых каровак — малодшых дзяўчат, якія робяць свае першыя крокі ў скаўцкім руху.

Іх зімнік, які праходзіў у Лагойску, распачаўся са святой Імшы ў тутэйшым касцёле святога Казіміра.

Сваімі ўражаннямі на парафіяльнай старонцы ў сетцы Facebook дзеліцца шэф божых каровак Наталля Тарасевіч. Яна піша, што на працягу дня дзяўчаты выконвалі розныя заданні, шукалі сляды на снезе. Адбылася экскурсія па мясцовых славутасцях, яны ўбачылі руіны палацу Тышкевічаў. Пробашч лагойскай парафіі ксёндз Войцех Вальчына гасцінна пачаставаў дзяўчат смачным бігасам.

Новапрынятыя божыя кароўкі ўпершыню апранулі форму, адметнай часткай якой з’яўляецца чырвоны каптурок з чорнымі кропачкамі. Іх старэйшыя сяброўкі атрымалі адпаведныя нашыўкі за выкананыя спраўнасці.

«Час Пана (разважанне над Божым Словам), рада Дуба і рада Вясёлкі, гульні на свежым паветры — усё гэта спрыяе духоўнаму і фізічнаму развіццю дзяўчат», — адзначае Наталля Тарасевіч.

Тым часм з 29 па 31 студзеня свой зімнік ладзілі таксама скаўткі 2-й мінскай дружыны святой Барбары.

Месцам яго правядзення стаў аграгарадок Тракелі, дзе знаходзіцца санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.

Як піша на старонцы сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў сетцы Facebook звязовая Агата Лялевіч, падчас правядзення зімніка стаяла добрае зімовае надвор’е. Удзельніцы папрактыкаваліся ў распальванні вогнішча ў заснежаным лесе, пасля чаго гатавалі нацыянальныя стравы Францыі, Англіі, Італіі і Польшчы на адкрытым агні.

Дзяўчатам нават пашчасціла назіраць цэлы статак аленяў на невялікай адлегласці.

Разам са шматдзетнай маці Аленай Шымак, якая з’яўляецца таксама кіраўніцай дзіцячага хору ў іх парафіі, дзяўчаты разважалі на тэму хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў, а з ксяндзом Уладзімірам Марушэўскім — пра сілу волі і пра тое, як яе ўмацоўваць.

Падчас зімніка тры ахвотніцы прынеслі прысягу, якой абавязаліся трымацца скаўцкага Закону і Прынцыпаў, што мае на ўвазе асаблівы лад жыцця.

Тут жа адбылося прызначэнне новых кап’явых і іншыя скаўцкія мерапрыемствы, якія сведчаць аб развіцці дружыны.

              

 

Абноўлена 05.02.2021 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа