Пошук

04.02.2021 16:16   Фота: Вольга Взентэк / Catholic.by

3 лютага ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Мазыры ўпершыню за паўтара стагоддзя адбылася святая Імша з удзелам духавенства і вернікаў. Набажэнства было прымеркавана да 310-й гадавіны пасвячэння касцёла.

Гэтая святыня разам з яшчэ двума касцёламі — найстарэйшыя захаваныя пабудовы ў Мазыры. З былых шасці касцёлаў горада захавалася тры. Адзін з касцёлаў — Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — быў адноўлены на пачатку 1990-х гадоў і з таго часу служыць парафіяльнай святыняй. Другі (пабэрнардынскі) выкарыстоўваецца як праваслаўны кафедральны сабор.

Трэці захаваны касцёл — Узвышэння Святога Крыжа — дачакаўся пачатку аднаўлення толькі ў 2019 г.

Пасля інтэнсіўных прац па ўпарадкаванні тэрыторыі і рэгістрацыі адроджанай парафіі пра гэтым касцёле ў 2020 г. стала магчымым аднаўленне таксама набажэнстваў у адаптаванай капліцы ў кляштарных прыкасцёльных памяшканнях.

Урачыстасць з нагоды першай святой Імшы непасрэдна ў касцёле ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Канцэлебравала Эўхарыстыю мясцовае духавенства: дэкан Мазырскі кс. Віталій Мысонаў, пробашч парафіі кс. Аляксандр Канановіч, святары з суседніх парафій. Гамілію прамовіў канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка. Старадаўнія сцены касцёла зноў напоўніліся спевамі і малітвамі вернікаў не толькі з трох адроджаных мазырскіх парафій, але і з іншых мясцовасцяў Пінскай дыяцэзіі.

На пачатку літургіі біскуп Антоні звярнуўся да вернікаў з адмысловым уступным словам. Іерарх нагадаў сабраным велічную і драматычную гісторыю Касцёла ў Мазыры, імёны святароў, якія там служылі, і заахвоціў да малітвы за памерлых вернікаў, кансэкраваных асобаў і духавенства.

«Сёння, у 310-ю гадавіну пасвячэння касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Мазыры, мы сабраліся на першую ў гэтай святыні святую Імшу пасля доўгага перыяду запусцення і знеслаўлення гэтага месца, — сказаў іерарх. —

Узгадваем і агортваем удзячнай малітвай усіх тых вернікаў, якія будавалі гэты касцёл і цяпер клапоцяцца аб яго адраджэнні».

Біскуп выказаў падзяку дзяржаўным уладам, прыватным арганізацыям і ўсім неабыякавым асобам, якія «прычыніліся да вялікай справы адраджэння духоўнай спадчыны ў Анёльскай даліне Мазыра». Асаблівыя словы ўдзячнасці ён адрасаваў былому шматгадоваму пробашчу мазырскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Юзафу Дзяконскаму, а таксама ўсім душпастырам, якія «з не меншай ахвярнасцю працягваюць справу сваіх папярэднікаў».

Таксама іерарх выказаў удзячнасць Богу «за натхненне і сілы, якімі Ён надзяляе вернікаў парафіі», сярод іх асабліва падзякаваўшы Аляксандру Баранаву і кс. Віталію Мысонаву, які паходзіць з гэтай парафіі.

«Сёння, у дзень святога Блажэя, адданага душпастыра і мучаніка, молімся да міласэрнага Бога аб благаслаўленні для Касцёла ў Мазыры, аб аднаўленні гістарычных святынь і аб пабудове новых у новых мікрараёнах горада. Няхай добры Бог спрыяе нам у справе аднаўлення духоўнага жыцця, а Маці Божая Юравіцкая, Апякунка Мазыршчыны, выпрошвае ў Бога неабходныя ласкі», — дадаў пастыр Пінскай дыяцэзіі.

На заканчэнне Імшы біскуп падзякаваў усім прысутным за супольную малітву і благаславіў мазырскіх вернікаў на далейшую працу па адраджэнні іх гістарычнай святыні.

Абноўлена 05.02.2021 11:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.