Пошук

31.01.2021 12:07   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У суботу 30 студзеня ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшла ўсебеларуская сустрэча ўдзельніц руху «Маці ў малітве», прысвечаная 20-годдзю дзейнасці гэтага касцёльнага руху ў нашай краіне.

У ёй узялі ўдзел Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі.

Кульмінацыяй сустрэчы маці з усіх дыяцэзій Беларусі стала цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку іерарх шчыра падзякаваў удзельніцам руху за малітвы, якія падтрымлівалі яго на працягу чатырохмесячнага выгнання і паспрыялі яго доўгачаканаму вяртанню на радзіму.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр адзначыў, што ў справе адраджэння Касцёла ў Беларусі пасля дзесяцігоддзяў савецкага атэістычныга рэжыму вялікую ролю адыграла таксама малітва некалькіх пакаленняў маці, якія ў нялюдскіх умовах здолелі захаваць скарб веры і перадаць яго сваім дзецям.

«У гэтым адраджэнні вялікая роля належыць розным супольнасцям, у тым ліку і супольнасці „Маці ў малітве“.

За два дзесяцігоддзі вы моцна ўкраніліся ў нашай Бацькаўшчыне, сталі неад’емнай часткай беларускага Касцёла. Ваша дзейнасць вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч, які падчас свайго служэння ў Расіі спрыяў стварэнню там першых супольнасцяў руху.

З горыччу іерарх адзначыў, што сёння свет перажывае вялікі недахоп малітвы, на якую ў сучаснага чалавека нестае часу.

«Адсутнасць малітвы з’яўляецца адной з прычын розных праблем і крызісаў, з якімі сутыкаецца сучасны свет і наша грамадства. Малітва — гэта размова чалавека з Богам. Яна патрэбна, як паветра. Як без паветра чалавек фізічна задыхаецца, таксама і без малітвы ён задыхаецца духоўна. Таму сучасны свет патрабуе сведкаў малітвы, і вы пакліканы імі быць», — звярнуўся арцыпастыр да ўдзельніц руху.

Разважаючы над евангельскім тэкстам, у якім ішла гаворка пра тое, як Езус суцішыў буру на моры, арцыбіскуп Кандрусевіч узгадаў выпадак з уласнага жыцця, калі ў студэнцкія гады яму давялося трапіць на караблі ў буру на Байкале. У такіх сітуацыях чалавек асаблівым чынам адчувае патрэбу ў прысутнасці Езуса, у Яго дапамозе і паратунку.

«Цуд суцішэння буры на моры мае выключнае значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла ў наш час. Ён заклікае нас дазволіць Езусу быць у караблі нашага жыцця і шукаць Божай дапамогі ў нашых жыццёвых бурах», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што сёння на жыццёвым моры лютуюць буры бязбожнасці і несправядлівасці, якія імкнуцца патапіць карабель Касцёла. Таму ўдзельніцам руху «Маці ў Малітве» Ганаровы Мітрапаліт сказаў:

«У такой складанай сітуацыі Касцёл у Беларусі патрабуе вашага сведчання і дапамогі. Малітва дасягае нябёсаў. Яна ніколі не застаецца нявыслуханай, калі гэта патрэбна для нашага духоўнага ўдасканалення і збаўлення.

Касцёл у Беларусі, ўдзячны за вашае ціхае, але адначасова моцнае служэнне і сведчанне ў справе адраджэння і ўмацавання веры, асабліва ў маладога пакалення, і надалей спадзяецца на вашу дапамогу. <…> Моладзь — гэта будучыня Касцёла і грамадства, і таму яе неабходна выхоўваць так, каб яна будавала сваё жыццё на евангельскіх каштоўнасях. І тут роль маці незаменная», — сцвердзіў арцыпастыр.

Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў пажаданнем: «„Маці ў малітве“, сёння вы распачынаеце новую старонку сваёй гісторыі ў нашай краіне. Няхай яна будзе напоўнена малітвай і надзеяй, нават насуперак надзеі, на новае і лепшае заўтра маладога пакалення, усіх нас, Касцёла і нашай Бацькаўшчыны. А Божая Маці, дасканалы прыклад малітвы, няхай ахіне вас плашчом сваёй апекі».

На заканчэнне святой Імшы з пранікнёным і чулым словам да ўдзельніц руху звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі. Ён падзяліўся асабістым сведчаннем таго, што заўсёды адчуваў малітву сваёй матулі.

«Я не перастаў адчуваць яе і тады, калі мая мама адышла з гэтага свету, асабліва ў час жыццёвых нягод і „бураў“ — дадаў іерарх. —

Цяпер вы, дарагія ўдзельніцы руху „Маці ў малітве“, сталі маімі „матулямі“, таму шчыры дзякуй вам за вашую малітоўную падтрымку».

Каардынатар руху «Маці ў малітве» ў Беларусі Людміла Губіна ад імя ўсіх яго ўдзельніц павіншавала арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 75-гадовым юбілеем, падзякаваўшы яму за ўсё тое, што ён зрабіў для Касцёла і для развіцця руху «Маці ў малітве» ў Беларусі і ў Расіі.

Цёплыя словы спадарыня Людміла скіравала і біскупу Юрыю Касабуцкаму, які яшчэ ў час свайго служэння пробашчам у Залатагорскай парафіі атуліў пастырскім клопатам пачаткі руху ў нашай краіне і, стаўшы біскупам, не страціў з ім шчыльнай духоўнай сувязі.

«Пра паспяховае развіццё нашага руху сведчыць тое, што цяпер у нас тут два біскупы», — сказала каардынатар руху.

Яна прывітала дыякана Аляксандра Гецэвіча з ордэна айцоў піяраў, які прыехаў на сустрэчу ў сваю родную парафію з групай удзельніц руху са Шчучына, а таксама падзякавала ксяндзу прэлату Андрэю Стэцкевічу і цяперашняму пробашчу парафіі на Залатой Горцы ксяндзу каноніку Юрыю Санько за яго ўвагу і душпастырскі клопат пра тое, каб рух «Маці ў малітве» жыў і паспяхова развіваўся.

Пасля святой Імшы маці дзяліліся саімі сведчаннямі і супольна маліліся за сваіх дзяцей і за ўсіх дзяцей нашай Бацькаўшчыны, якая перажывае нябачаны дагэтуль крызіс, каб як мага хутчэй і на нашай зямлі здзейсніліся словы, напісаныя на белых шаліках удзельніц руху «Маці ў малітве»: «Любоў маці змяняе свет».

Рух «Маці ў малітве» аб’ядноўвае маці, якія разам моляцца за сваіх дзяцей, дзелячыся сваімі мацярынскімі радасцямі і клопатамі і падтрымліваючы адна адну ў цяжкія хвіліны. Ён распаўсюджаны ва ўсім свеце і ўжо дваццаць гадоў дзейнічае таксама ў Беларусі. Дэвіз руху «Маці ў малітве» — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей».

Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне.

Абноўлена 31.01.2021 12:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа