Пошук

19.01.2021 19:25   Паводле: ddm-vicebsk.by / Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

19 студзеня на сайце Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі яго духоўны кіраўнік і адказны ксёндз Алег Хмылко піша пра складанасці, якія ўзніклі ў моладзевым душпастырстве падчас пандэміі, і дзеліцца тым, што, нягледзечы на іх, удалося зрабіць.

Нездарма ў якасці загалоўку да свайго допісу святар узяў словы святога апостала Паўла з Другога Паслання да Карынцянаў: «Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы» (пар. 2 Кар 4, 7).

Звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат Віцебскай дыяцэзіі, ксёндз Алег піша:

«Кожны, хто чытае гэты тэкст, згодзіцца са мной у тым, што 2020 год быў сапраўды цяжкім з розных перспектыў. Ніводная з запланаваных сустрэч Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі не адбылася па ўсім вядомых і зразумелых прычынах.

Вельмі шкада, што перад намі ўзніклі такія перашкоды, але варта ўспрымаць гэта як выпрабаванне, як штуршок да пошуку і развіцця іншых спосабаў евангелізацыі».

Сярод іх адказны за дыяцэзіяльнае моладзевае душпастырства перадусім называе створаны ў мінулым годзе адмысловы канал на YouTube, дзе можна ўзяць удзел у анлайн-рэкалекцыях.

«Наступнай пляцоўкай для інтэрнэт-евангелізацыі і катэхезацыі з’яўляецца Instagram, дзе мы разам чытаем Youcat, дзелімся актуальнай інфармацыяй і паказваем навочна, чым мы займаемся на сустрэчах.

Найважнейшым поспехам і вялікім крокам наперад я лічу стварэнне інтэрнэт-старонкі нашага Душпастырства, дзе гарманічна „раскладзена па палічках“ уся наша дзейнасць.

На старонцы можна знайсці напрамкі дзейнасці Душпастырства моладзі, асноўныя формы сустрэч, спасылкі на нашы профілі ў сацыяльных сетках, актуальную інфармацыю аб сустрэчах моладзі ў розных парафіях нашай дыяцэзіі і аб душпастырах, фотаздымкі з сустрэч і многія іншыя цікавосткі.

Трэба сказаць, што гэта вельмі цікавы вопыт і я цешуся, што мы маем файныя акалічнасці, каб навучыцца кантактаваць і супрацоўнічаць з маладымі людзьмі там, дзе яны ўжо асвоіліся, дзе яны праводзяць, хіба, большую частку ўласнага вольнага часу», — дзеліцца сваімі думкамі святар.

Разам з тым ён выказвае надзею на тое, што «хвароба адступіць і ўсё будзе добра, а мы вернемся да звыклага, больш традыцыйнага фармату сустрэч моладзі ў рэальным жыцці.

Дзякуючы ўсім выпрабаванням мінулага году, мы чарговы раз даведаліся, што спадзявацца на Бога, жыць у Ім — гэта месца супакою ў шалёнай і часам незразумелай штодзённасці.

Перад некаторымі рэчамі чалавек проста бяссільны», — дадае адказны за моладзевае душпастырства Віцебшчыны, пацвярджаючы свае словы цытатаю з кнігі прарока Ераміі: «Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Пан, намеры на дабро, а не на зло, каб даць вам будучыню і надзею» (Ер 29,11).

Каб падбадзёрыць юнакоў і дзяўчат і заахвоціць іх быць больш актыўнымі ў Касцёле, святар прапануе ім разам скласці планы на будучыню:

«Разам з тым, зрабіўшы адважныя крокі наперад на прасторах інтэрнэту, мы не збіраемся спыняцца, не можна занядбаць гэтай важнай сферы жыцця сучаснага чалавека, тым больш маладога чалавека. Ёсць пэўныя думкі наконт тэм рэкалекцый і іншыя ідэі.

Калі вы таксама маеце якія-небудзь файныя прапановы альбо хочаце даведацца і глыбей пазнаць нейкую тэму, мы чакаем вашых прапановаў, вашых лістоў».

Для зваротнай сувязі ў Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ёсць электронная пошта, а таксама існуюць свае акаўнты ў найбольш папулярных сацыяльных сетках:

«Нашы маладыя сябры, мы сумуем па сустрэчах і молімся, каб мы сустрэліся як мага хутчэй. Маліцеся і вы, у тым ліку і ў інтэнцыі Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, каб, з’яднаныя духам у малітве, мы маглі разам крочыць да святасці шляхам збаўлення», — заахвочвае на заканчэнне моладзь ксёндз Алег Хмылко.

Абноўлена 20.01.2021 14:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.