14 студзеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску адбылася святая Імша ў 30-ю гадавіну смерці ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча і ксяндза Фелікса Сарокі.
Цэлебрацыю ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, пробашч парафіі ў Адэльску кс. Віталій Внароўскі і іншыя святары.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што кс. Пётр і кс. Фелікс былі сябрамі.
Ён узгадаў, як пасля доўгай адсутнасці святара ў Адэльск у 1955 г. прыбыў вызвалены з лагераў ксёндз Барташэвіч, у якім вернікі адразу ўбачылі таленавітага, добра адукаванага, адданага Божай справе пастыра, чалавека малітвы і дыялогу.
Асаблівую ўвагу ён, па словах арцыбіскупа, прысвячаў хрысціянскаму выхаванню моладзі: адразу ж арганізаваў вялікую групу міністрантаў, вучыў іх служыць пры алтары, але адначасова клапаціўся аб тым, як яны вучацца ў школе. Таксама ён, як дадаў іерарх, бараніў правы Касцёла. Усё гэта, адзначыў арцыбіскуп, не падабалася ўладам у часы ваяўнічага атэізму, яны пастанавілі перавесці яго ў іншае месца, і гэта быў складаны час для адэльскай парафіі, якая магла застацца без святара.
Але, як распавёў арцыбіскуп, кс. Пётр быў паслядоўным і не выехаў у Жалудок, пакуль з Парэчча не змог прыбыць у Адэльск кс. Фелікс Сарока. Такім чынам «дзякуючы яго настойлівасці яшчэ адзін святар мог працаваць на Панскай ніве Касцёла на Беларусі».
Іерарх адзначыў і тое, што ксёндз Фелікс Сарока вызначаўся педантычнасцю ў захаванні літургічных нормаў, і назваў яго намаганні ў гэтым вельмі важнымі.
Арцыбіскуп узгадаў, як перад яго пасвячэннем кс. Фелікс правёў для яго ў адэльскім касцёле своеасаблівы практычны экзамен на прадмет цэлебрацыі Імшы.
Іерарх заклікаў вернікаў захоўваць памяць пра сваіх святароў, маліцца аб тым, каб Пан прыняў іх у сваё Валадарства, і прасіць Бога аб новых пакліканнях да святарства.