Пошук

14.01.2021 00:03   Фота: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Catholic.by

13 студзеня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку адбылася святая Імша ў інтэнцыі ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча ў 30-ю гадавіну яго смерці.

Узначаліў цэлебрацыю Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, пробашч парафіі ў Жалудку кс. Ян Рэйшэль і святары, якія прыбылі на Імшу, у тым ліку кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, адзін з вучняў спачылага.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра жыццёвы шлях ксяндза Барташэвіча: служэнне ў Віцебскай вобласці, потым ссылка ў Сібір, служэнне ў Адэльску і Жалудку.

Іерарх асаблівую ўвагу засяродзіў на арганізатарскіх і прамоўніцкіх здольнасцях гэтага заслужанага для Касцёла ў Беларусі святара.

Па словах арцыбіскупа, у часы атэізму ксяндза Пятра адрознівала імкненне да евангелізацыі моладзі. Гэта было забаронена ўладамі, але ён добра ведаў, што моладзь — будучыня грамадства і Касцёла і таму шмат працаваў з мэтай яе духоўнай фармацыі, дадаў іерарх.

Ён адзначыў, што ксёндз прэлат шмат намаганняў прыклаў дзеля адкрыцця паклікання да святарства і фармацыі духавенства, а яго дом у Жалудку стаў сапраўдным домам фармацыі будучых святароў. Менавіта ён, як нагадаў арцыбіскуп, падрыхтаваў да святарства ксяндза прэлата Антонія Ханько — пробашча парафіі Узвышэння Крыжа ў Гродне, а ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі таксама ўдзячны кс. Пятру, што сустрэў яго на шляху падрыхтоўкі да святарства. Арцыбіскуп Кандрусевіч прызнаўся, што калі б не ксёндз Барташэвіч, невядома, ці пастукаў бы ён сам у дзверы семінарыі.

Іерарх падкрэсліў, што ксёндз Пётр залатымі літарамі ўпісаўся ў гісторыю захавання веры ў часы ганенняў у Беларусі, стаяў ля вытокаў яе адраджэння, быў прыкладам клопату пра святарскія і манаскія пакліканні.

З яго, па словах арцыбіскупа, неабходна браць прыклад.

«Ідуць гады і дзесяцігоддзі. Пасля смерці ксяндза Пятра Барташэвіча вырасла новае пакаленне, але памяць аб ім жыве. Жыве, бо ён абвяшчаў жывое Евангелле Хрыста і вёў людзей шляхам збаўлення, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Верым, што сваім ахвярным служэннем ён заслужыў вянок славы ў Божым Валадарстве, аб чым молім Міласэрнага Езуса».

Таксама падчас Імшы маліліся за спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта.

 

Абноўлена 14.01.2021 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа