Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч скіраваў спачуванні з прычыны смерці Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, які 12 студзеня адышоў у вечнасць.
У лісце, адрасаваным Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне піша:
«Прыміце мае шчырыя спачуванні ў сувязі са спачынам Вашага Высокадастойнага Папярэдніка Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта.
Спачылы Уладыка Філарэт, які так шмат працаваў на ніве Пана ў якасці Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы, у сваім самаадданым архіпастырскім служэнні даў прыклад сапраўднай любові да Бога і да братоў, запавет якой нам пакінуў Збаўца.
Адкрытасць спачылага Мітрапаліта Філарэта да дыялогу вельмі паспрыяла развіццю і ўмацаванню ўзаемаразумення і братэрскіх адносін паміж Праваслаўнай і Рыма-Каталіцкай Цэрквамі.
Светлая памяць пра спачылага Уладыку Філарэта, несумненна, захаваецца не толькі ў сэрцах верных сыноў і дачок Беларускай Праваслаўнай Царквы, але і застанецца на вечныя часы ў гісторыі ўсяго беларускага народа», — піша Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.
На заканчэнне прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі просіць Мітрапаліта Веніяміна перадаць яго сардэчныя спачуванні ўсім праваслаўным вернікам нашай краіны і запэўнівае ў сваім малітоўным яднанні з просьбай аб супакоі для душы спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта.