Пошук

12.01.2021 23:09   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

12 студзеня выконваючы абавязкі Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч скіраваў ліст Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, у якім выказаў спачуванне ўсім вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы з прычыны адыходу ў вечнасць Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта.

Яго Высокапраасвяшчэнству Веніяміну
Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму
Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі

Ваша Высокапраасвяшчэнства,

ад уласнага імя і ад імя ўсіх каталіцкіх біскупаў Беларусі, а таксама духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне выказваю ў асобе Вашага Высокапраасвяшчэнства самыя глыбокія спачуванні ўсёй супольнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы з прычыны адыходу ў вечнасць Мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Пасля працы зямнога пілігрымавання адышоў у дом Нябеснага Айца руплівы Пастыр, які шчыра клапаціўся пра Царкву і пра даручаны яму верны народ, сапраўдны Сведка Хрыста, Чалавек глыбокай веры, вялікай культуры і добрага сэрца.

Сваёй праўдзівай хрысціянскай любоўю і шчырай павагай да кожнага чалавека, адкрытасцю і ўключанасцю ў братэрскі дыялог з іншымі хрысціянскімі канфесіямі ў нашай краіне Мітрапаліт Філарэт здабыў вялікі аўтарытэт таксама сярод духавенства і вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і застанецца назаўсёды ў іх удзячнай памяці.

Разам з усёй супольнасцю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі даручаю Мітрапаліта Філарэта Езусу Хрысту, Найвышэйшаму і Вечнаму Святару. Няхай Уваскрослы Збаўца, якому Мітрапаліт Філарэт верна служыў усё жыццё, прыме яго ў радасць жыцця вечнага ў Нябеснай Айчыне, а смутак расстання ў сэрцах тых, якія аплакваюць адыход Мітрапаліта з гэтага свету, няхай пераменіць у радасць чакання новай сустрэчы з ім у вечнасці.

З выразамі спачування і памяццю ў малітве

Біскуп Гродзенскі Aляксандр Кашкевіч
В.а. Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Гродна, 12 студзеня 2021 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.