Пошук

29.12.2020 08:08   Catholic.by

2021 пастырскі год у Касцёле на Беларусі па рашэнні епіскапату будзе прысвечаны 30-годдзю адраджэння касцёльных структур у нашай краіны, у сувязі з чым Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кіруе адмысловае Пастырскае пасланне.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

КАСЦЁЛ — САКРАМЭНТ ПАЎСЮДНАГА ЗБАЎЛЕННЯ

Пастырскае пасланне на 2021 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Ubi episcopus ibi Ecclesia («Дзе біскуп — там Касцёл»), кажа святы Ігнацый з Антыёхіі. Доўгія дзесяцігоддзі Беларусь заставалася без касцёльнай іерархічнай улады. На ўсходзе краіны — тры пакаленні, на захадзе — два. Нельга сказаць, што ў тыя часы ў Беларусі Касцёл не існаваў. Ён існаваў, але быў пазбаўлены галавы: без іерархіі і неабходных кананічных структур.

Такое становішча Касцёла ва ўмовах ваяўнічага атэізму не дазваляла яму нармальна развівацца і дзейнічаць.

Памяншэнне колькасці святароў і касцёлаў, адсутнасць духоўнай семінарыі і цэнтраў фармацыі кансэкраванага жыцця, забарона катэхізацыі дзяцей і моладзі, забарона евангелізацыі і сацыяльнай актыўнасці і да т.п. вельмі моцна аслабілі Касцёл. Часам здавался, што са смерцю апошняга святара ён наогул знікне на тэрыторыі Беларусі.

Але Божыя планы — не чалавечыя. Гісторыя Касцёла ў нашай краіне яшчэ раз пацвердзіла словы Хрыста, сказаныя апосталу Пятру: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18).

Сацыяльна-палітычныя перамены канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя стварылі новыя ўмовы для дзейнасці і адраджэння Касцёла. Папа Ян Павел ІІ своечасова прачытаў знакі часу і прыняў адпаведныя рашэнні. У 1989 годзе ён прызначыў мяне — вашага пакорнага слугу — біскупам Мінскім, Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Гэта быў першы крок у працэсе іерархічнага адраджэння Касцёла ў нашай краіне.

Беручы пад увагу дынамізм, з якім пачаў адраджацца Касцёл, і пастырскія патрэбы, у сонечны цёплы дзень у Фаціме 13 красавіка 1991 г. святы Ян Павел ІІ прыняў своечасовае і мудрае рашэнне. А менавіта — адрадзіў паўнавартасныя іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Была заснавана Мінска-Магілёўская мітраполія, у склад якой увайшла аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія была створана ў межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай вобласцяў, Гродзенская — у межах Гродзенскай вобласці, Пінская — у межах Брэсцкай і Гомельскай вобласцяў.

У той жа дзень Папа Ян Павел ІІ прызначыў пробашча катэдральнай парафіі ў Пінску кс. прэлата Казіміра Свёнтка Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і адначасова Апосталькім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні кс. Аляксандр Кашкевіч быў прызначаны Гродзенскім біскупам.

З адражэннем касцёльных структур і прызначэннем біскупаў завяршыўся доўгі перыяд прымусовай і ваяўнічай атэізацыі нашай краіны, якая закранула ажно тры пакаленні. Пачало ажыццяўляцца Фацімскае прароцтва Марыі 1917 года аб духоўным адраджэнні нашай зямлі.

У 1999 г. Папа Ян Павел ІІ заснаваў Віцебскую дыяцэзію ў межай аднайменнай вобласці і прызначыў яе біскупам пробашча магілёўскай катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава кс. Уладзіслава Бліна.

Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій: Мінска-Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай, якія ўтвараюць Мінска-Магілёўскую мітраполію.

Колькасць біскупаў у ёй — 8 і 1 на пенсіі. Парафій — каля 500. Святароў — каля 480. Кансэкраваных асобаў — каля 200 мужчын і каля 230 жанчын. Існуюць дзве духоўныя семінарыі ў Гродне і Пінску, тэалагічныя каледжы ў Мінску і Гродне і катэхетычны каледж у Баранавічах, дзейнічаюць касцёльныя выдавецтвы ў Мінску, Гродне і Пінску, нацыянальны і дыяцэзіяльныя Дабрачынныя каталіцкія таварыствы Caritas. Дынамічна развіваюцца каталіцкія сродкі масавай інфармацыі, сярод якіх партал Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Сatholic.by і «Радыё Марыя» з’яўляюцца лідарамі у рэлігійнай медыяпрасторы нашай краіны.

У Беларусі таксама дзейнічае Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якую ўзначальвае Апостальскі візітатар.

2. З мэтай ушанавання гістарычнай даты 30-годдзя адраджэння касцёльных структур у Беларусі і іх значэння для функцыянавання Касцёла і ажыццяўлення яго місіі збаўлення чалавека Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў нашай краіны вырашыла 2021 пастырскі год прысвяціць тэме:

«Касцёл — сакрамэнт паўсюднага збаўлення. „Брамы пякельныя не перамогуць яго“ (Мц 16, 18)».

Для большасці вернікаў слова «касцёл» асацыюецца з сакральным будынкам, дзе людзі моляцца, дзе цэлебруецца святая Імша і іншыя сакрамэнты. Для некаторых — гэта касцёльная структура. Нярэдка гэтае слова з’яўляецца сінонімам касцёльнай іерархіі — Папы, біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў.

На самай справе ўсе гэтыя паняцці не перадаюць сапраўднай сутнасці Касцёла. Другі Ватыканскі Сабор у сваім вучэнні не даў акрэслення боска-чалавечай установы Касцёла. Замест гэтага ён звярнуўся да яго апісанняў, прапанаваных Святым Пісаннем. Гэта найперш Містычнае цела Хрыста (пар. LG 7–8) і Божы народ (пар. LG 9–16).

Развіваючы эклезіялогію (вучэнне пра Касцёл), Другі Ватыканскі Сабор для яго апісання выкарыстоўвае паняцце «сакрамэнт» (пар. LG 48). Хоць Катэхізіс вучыць, што сакрамэнт — гэта бачны знак, дзякуючы якому мы атрымліваем патрэбную для збаўлення нябачную Божую ласку, тым не менш Сабор выкарыстоўвае гэтае слова для больш поўнага прадстаўлення заснаванага Езусам Касцёла.

3. Якое значэнне мае акрэсленне Касцёла як сакрамэнту ў вучэнні Другога Ватыканскага Сабору? Яшчэ задоўга да гэтага касцёльнага форуму, у 30-х гадах мінулага стагоддзя, тэолагі пачалі гаварыць пра Касцёл як сакрамэнт. Гэтая тэндэнцыя была падтрымана і знайшла сваё далейшае развіццё ў вучэнні Сабору і паслясаборнай каталіцкай тэалогіі.

Сакрамэнтальнасць Касцёла не азначае нейкага новага «восьмага сакрамэнту».

Хрыстус устанавіў сем сакрамэнтаў, і іх не можа быць больш. Паняцце Касцёла як сакрамэнту мае іншае вымярэнне, чым вядомыя нам сем сакрамэнтаў, якія цэлебруе Касцёл. А менавіта, гэтая назва выкарыстоўваецца па аналогіі, бо паміж Касцёлам і сакрамэнтамі існуе пэўнае падабенства.

Заснаваны Хрыстом Касцёл як боска-чалавечы арганізм і супольнасць вернікаў з’яўляецца бачным знакам, таксама як і ўсе іншыя сакрамэнты. Аднак у той жа час гэты знак разумеецца інакш, чым вядомыя нам сем сакрамэнтаў.

Касцёл працягвае збаўчую місію Хрыста, у якой паасобныя сакрамэнты займаюць вызначанае ім месца.

Таму Касцёл з’яўляецца сакраментальнай супольнасцю, месцам і асяроддзем, у якім цэлебруюцца сакрамэнты.

Хрыстус жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, аб чым сведчаць Яго словы, што застанецца з намі да канца свету (пар. Мц 28, 20). Дзякуючы гэтаму Ён з’яўляецца гарантам збаўчай ласкі, якую мы атрымліваем у сакрамэнтах.

Касцёл з’яўляецца сакрамэнтам, бо ў ім існуюць і цэлебруюцца сакрамэнты. Існуе падабенства паміж тым, што Касцёл ёсць сакрамэнтам Хрыста, і тым, што Хрыстус з’яўляецца сакрамэнтам Бога. Як у асобе Хрыста, так і ў Касцёле боская і чалавечая рэчаіснасці — духоўная і матэрыяльная — яднаюцца паміж сабой.

У кожным сакрамэнце прысутнічае бачная матэрыя, напрыклад, у сакрамэнце хросту — вада. Прысутнічае таксама і форма. У сакрамэнце хросту гэта словы: «N, я цябе хрышчу ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога». Разам з бачнымі элементамі прысутнічае і нябачны, які немагчыма ўспрыняць пачуццямі, а менавіта Божая ласка. Таксама Касцёл з аднаго боку з’яўляецца боскай рэчаіснасцю, а з іншага — чалавечай. Яго ўстанавіў Хрыстус, які ў ім жыве, дзейнічае і адорвае нас сваімі ласкамі.

Паміж Касцёлам і Хрыстом існуюць адносіны містычнай еднасці. Паводле св. апостала Паўла, Касцёл з’яўляецца Містычным целам Хрыста. Хрыстус з’яўляецца Галавой цела, якім ёсць Касцёл, а мы — яго членамі (пар. Эф 4, 11–16). З гэтым атаясамліваенем звязана вучэнне пра Касцёл як сакрамэнт. Асаблівы ўнёсак у яго развіццё зрабіў Другі Ватыканскі Сабор. У яго дакументах чытаем, што «Касцёл з’яўляецца ў Хрысце як бы сакрамэнтам, або знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва» (LG 1). Гэты сакрамэнт нарадзіўся з боку паміраючага на крыжы Хрыста (пар. SC 5). Касцёл таксама называецца бачным сакрамэнтам збаўчай еднасці (пар. LG 9; SC 26) і «паўсюднай прыладай збаўлення» (LG 48).

4. Як вядома, кожны сакрамэнт з’яўляецца сустрэчай з Хрыстом і таму вядзе да жыцця з Ім.

У сакрамэнце хросту мы паміраем для граху, каб уваскрэснуць да жыцця ў Божай ласцы і жыць з Хрыстом. У сакрамэнце канфірмацыі гэтае жыццё ўмацоўваецца сямю дарамі Духа Святога. Эўхарыстыя — гэта цэнтральны сакрамэнт, у якім некрывавым чынам ажыццяўляецца збаўчая ахвяра Хрыста. У ёй Хрыстус становіцца Хлебам вечнага жыцця. Сакрамэнт пакаяння ачышчае нас ад грахоў, аднаўляе ў нас святыню Духа Святога і паглыбляе сувязь з Богам і Касцёлам. Сакрамэнт намашчэння хворых нагадвае аб часовасці нашага зямнога жыцця і рыхтуе да паўнаты жыцця з Хрыстом у вечнасці. Сакрамэнт сужэнства ўмацоўвае Божай ласкай сужэнцаў, каб згодна з Божым планам будавалі сваю сям’ю і выхоўвалі дзяцей. Сакрамэнт пасвячэння робіць пакліканага чалавека прыладай у руках Хрыста. Святар, які з людзей узяты і на служэнне людзям у Божых справах прызначаны (пар. Гбр 5, 1), дзейнічае моцаю Хрыста.

Усё гэта нагадвае пра тое, што Касцёл сапраўды з’яўляецца сакрамэнтам, у якім праз Хрыста і ў Хрысце ў сакрамэнтальных знаках ажыццяўляецца справа збаўлення чалавека.

Сем сакрамэнтаў — гэта як быццам сем галінак, якія вырастаюць з дрэва, імя якому Касцёл.

Сувязь паміж Касцёлам і сакрамэнтамі вельмі цесная. Без Касцёла сакрамэнты не мелі б свайго збаўчага значэння. Дзякуючы ім Касцёл актуалізуе сваю збаўчую дзейнасць.

5. Дарагія браты і сёстры!

Стары лацінскі выраз кажа: Extra Ecclesiam nulla salus («Па-за Касцёлам няма збаўлення»).

Няхай жа новы пастырскі год, які перад намі, дапаможа нам успрымаць Касцёл як паўсюдны сакрамэнт збаўлення, а не як «камбінат рэлігійных паслугаў».

Сканцэнтруем сваю ўвагу на вывучэнні гісторыі як сусветнага Касцёла, так і Касцёла ў Беларусі, якога брамы пякельныя не перамаглі ў часы ганенняў і не перамогуць (пар. Мц 16, 18). Выкарыстаем гэты час для вывучэння актуальных і сёння дакументаў Другога Ватыканскага Сабору з мэтай лепшага пазнання значэння Касцёла ў Божай эканоміі збаўлення. Няхай яго сацыяльнае вучэнне спрыяе хутчэйшаму і мірнаму вырашэнню глыбокага грамадска-палітычнага крызісу, які ахапіў нашу Айчыну.

Прысвечаны Касцёлу як паўсюднаму сакрамэнту збаўлення пастырскі год у нашай краіне будзем адзначаць у абвешчаным Папам Францішкам у Апостальскім лісце Patris corde («Бацькоўскім сэрцам») Годзе св. Юзафа (РС Уступ). У ім Папа заклікае нас вучыцца ў Юзафа любові да Касцёла (пар. РС 5).

Давяраючы ўсіх вас Найсвяцейшай Панне Марыі — Маці Касцёла і святому Юзафу — яго апекуну, на гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск – Сакулка, 20 снежня 2020 г.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: 

  1. ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium (LG).
  2. ІІ Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую Літургію Sacrosanctum Concilium (SC).
  3. Францішак. Апостальскі ліст Patris corde (РС).

P.S. З гэтым Пасланнем належыць пазнаёміць вернікаў у другую нядзелю пасля Нараджэння Пана, 3 студзеня 2021 г.

 

Абноўлена 29.12.2020 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.