27 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Мінску. У гэты дзень там адзначалася парафіяльная ўрачыстасць святога Яна Евангеліста, якая ў гэтым годзе супала са святам Святой Сям’і.
Як паведамляе сайт парафіі, іерарх узначаліў цэлебрацыю адпустовай Імшы.
Гэтая парафія стала адной з першых, якую наведаў арцыбіскуп Кандрусевіч, вярнуўшыся ў Беларусь. 26 снежня ён пабываў у парафіі ў Вілейцы.
Паводле Jan.by, іерарх, звяртаючыся да вернікаў мінскай парафіі, сказаў: «Ваша падтрымка, ваша малітва і салідарнасць былі вельмі патрэбныя. Я ведаў, што вы маліліся, — я таксама маліўся. Межы раздзялілі нас, але духам, вераю, любоўю адно да аднаго, да нашага Касцёла, да нашай краіны мы былі аб’яднаныя». Гэтыя словы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага былі сустрэтыя апладысментамі.
У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што свята Божага Нараджэння не павінна быць проста ўспамінам таго, што адбылося больш за дзве тысячы гадоў таму.
Як заўважыў ён, трэба імкнуцца, каб сэрцы і душы людзей сталі «Бэтлеемам XXI стагоддзя», дзе зможа пасяліцца нованароджаны Хрыстус.
Таксама іерарх адзначыў складаныя ўмовы, у якіх у гэтым годзе святкуецца Божае Нараджэнне, — пандэмію каранавірусу і грамадска-палітычны крызіс у краіне. Па словах арцыбіскупа, корань многіх праблем знаходзіцца ў духоўнай сферы: «Наколькі іншай была б нашая краіна, калі б мы любілі адно аднаго, калі б захоўвалі Божы закон, калі б імкнуліся да справядлівасці, калі б не было гвалту, калі б мы ўмелі прабачаць адно аднаму».
Свята Святой Сям’і з’яўляецца асаблівым для Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта, якія служаць у гэтай парафіі. З гэтай нагоды сёстры назарэтанкі Мар’яна і Агнешка аднавілі ў прысутнасці арцыбіскупа Кандрусевіча свае манаскія абяцанні.
Таксама адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, падчас якога сужэнцы нанава паабяцалі адно аднаму любоў, вернасць і пашану.
Па традыцыі ў свята святога Яна Евангеліста благаслаўляецца віно.
Арцыбіскуп прыгадаў гісторыю, як атручанае віно, якое падалі апосталу Яну, перастала быць небяспечным пасля яго малітвы. Іерарх заклікаў змагацца з «атручаным віном граху, ілжывых ідэалогій, сужэнскай нявернасці», даверыўшыся Божай ласцы.
На заканчэнне Імшы пробашч кс. Алег Шпець SChr ад імя парафіі павіншаваў арцыбіскупа са святам Божага Нараджэння і з надыходзячым 75-гадовым юбілеем, які іерарх будзе адзначаць у наступную нядзелю.