26 снежня, у свята святога Стэфана, першамучаніка, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.
Сёлета вілейская парафія адзначае 30-годдзе з часу рэкансэкрацыі сваёй святыні. Урачыстае святкаванне з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча, які 6 чэрвеня 1990 г. рэкансэкраваў гэты касцёл, было перанесена з чэрвеня на восень па прычыне пандэміі. Аднак 13 верасня вілейчане таксама не змаглі сустрэцца з арцыпастырам, бо ён не быў дапушчаны на тэрыторыю Беларусі.
Такім чынам, парафія вітала іерарха ў другі дзень святаў Божага Нараджэння і разам з ім яшчэ раз святкавала юбілей рэкансэкрацыі святыні.
На пачатку літургіі пробашч парафіі ксёндз дэкан Аляксандр Барыла і вернікі са слязьмі на вачах прывіталі арцыбіскупа, падзякаваўшы за пастырскі клопат і словы радасці ад сустрэчы пасля некалькіх месяцаў яго адсутнасці на радзіме. Затым Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся з прамовай да прысутных.
Іерарх адзначыў, што добра памятае дзень 6 чэрвеня 1990 года, калі ў прысутнасці вялікай колькасці людзей адным з першых быў рэкансэкраваны касцёл у Вілейцы.
Арцыбіскуп падзякаваў за падтрымку і малітву і падкрэсліў, што ўвесь гэты час быў з усімі вернікамі Беларусі думкамі і сэрцам. «Вялікі вам дзякуй і нізкі паклон! Будзем жа маліцца, каб Бог благаславіў нас у перажыванні крызісу, выкліканага каранавірусам, грамадска-палітычнага крызісу і крызісу веры ў сучасным свеце», — сказаў ён.
У гаміліі іерарх разважаў пра таямніцу Божага Нараджэння, адзначыўшы, што ў ёй Бог стаў блізкі да кожнага чалавека, стаў Богам з чалавечым тварам і чалавечым сэрцам. Арцыбіскуп звярнуў увагу на тытул вілейскай святыні і адзначыў, што чалавечае жыццё пазначана крыжам, аднак не варта яго баяцца, бо Езус учыніў крыж знакам надзеі і збаўлення.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі заахвоціў прысутных знаходзіць сярод усіх дарог жыцця тую, якая вядзе да Касцёла і Бога, і заўсёды быць вернымі Яму.
Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Аляксандр Барыла падзякаваў шматлікім прысутным парафіянам і гасцям, сярод якіх былі і праваслаўныя, якія прыйшлі, каб сустрэцца з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і адсвяткаваць юбілей рэкансэкрацыі. Пробашч падзякаваў таксама Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму за тое, што ў трэці дзень свайго прабывання ў Бацькаўшчыне ён наведаў вілейскую парафію, і пажадаў яму здароўя, аптымізму і радасці.