21 снежня Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў быў прызначаны Аляксандр Румак.
Пра новае прызначэнне паведаміла БЕЛТА.
Да гэтага часу Аляксандр Румак працаваў на пасадзе намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны.
Як перадае БЕЛТА, у гутарцы з журналістамі Аляксандр Румак адзначыў, што новы ўчастак работы — гэта таксама сацыяльная сфера, а міжэтнічны і міжканфесійны мір і згода з’яўляюцца стрыжнем дзяржаўнай палітыкі. У сучасным свеце менавіта рознагалоссі на гэтай глебе часта становяцца прычынамі грамадзянскіх і знешніх войнаў.
«Таму нам трэба цаніць тое, што ў нас сёння ёсць у беларускім грамадстве. І кожны чалавек, незалежна ад веравызнання, нацыянальнасці, павінен даражыць тым, што мы маем сёння», — сказаў Аляксандр Румак.
Як дадае агенцтва, ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў любым грамадстве шмат людзей, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, і гэта не толькі адказнасць дзяржаўных арганізацый.
«Як паказвае сусветны вопыт, рэлігійныя арганізацыі ўдзельнічаюць і ў дабрачыннасці, і сацыяльнай падтрымцы людзей, якія маюць патрэбу ў гэтым, — сказаў новапрызначаны ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. — Таксама хацелася б чуць гучней голас канфесій у падтрыманні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Думаю, што гэта тыя напрамкі, дзе могуць сябе праяўляць канфесіі», — інфармуе БЕЛТА.