10 снежня Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ апублікавала поўны тэкст інтэрв’ю з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, у якім Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, між іншым, выказаўся пра свой выхад на пенсію.
У размове з журналістамі польскага агенцтва КАІ Марцінам Пшэцішэўскім і Кшыштафам Тамасікам, частка якой была апублікавана раней, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у прыватнасці, сказаў:
— Яшчэ іншая справа, што 3 студзеня наступнага года мне споўніцца 75 гадоў. Я афіцыйна падаю прашэнне аб сыходзе з пасады і павінен выйсці на пенсію. Я ўжо напісаў просьбу аб адстаўцы і ў бліжэйшы час перадам яе нунцыю.
— Папа можа працягнуць тэрмін паўнамоцтваў арцыбіскупа…
— Я не ведаю. Усё залежыць ад Святога Айца.
Рэдакцыя парталу Catholic.by папрасіла пракаментаваць гэтыя словы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, які з’яўляецца канцлерам Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і спецыялістам у галіне кананічнага права Каталіцкага Касцёла.
«Паводле канона 401, параграф 1, кожнаму дыяцэзіяльнаму біскупу, калі яму спаўняецца 75 гадоў, прапануецца падаць прашэнне аб сыходзе з пасады Святому Айцу, які, разважыўшы ўсе абставіны справы, прыме сваё рашэнне.
Але гэта не азначае, што па дасягненні 75-гадовага ўзросту дыяцэзіяльны біскуп аўтаматычна ідзе ў адстаўку.
Дыяцэзіяльны біскуп перастае выконваць свае абавязкі толькі пасля таго, як яго адстаўка будзе прынята Святым Айцом», — падкрэсліў святар.