Пошук

09.12.2020 17:50   Тэкст: Лілія Шайхова / Фота: Наталля Сідарэнка / Catholic.by

8 снежня ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску адзначылі адпустовую ўрачыстасць. Парафію наведаў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерарха горача віталі пробашч парафіі ксёндз канонік Андрэй Яркавец, ксёндз Канстанцін Карака, сёстры дамініканкі, парафіяне, моладзь і дзеці. Да ўрачыстасці далучыліся ксёндз дэкан Віталій Маргуноў і духоўна — слухачы «Радыё Марыя», якім далі такую магчымасць дырэктар радыё ксёндз Аляксандр Фаміных разам са сваёй супрацоўніцай, бабруйскай парафіянкай, бо прамая радыётрансляцыя вялася з бабруйскага касцёла.

Біскуп узначаліў цэлебрацыю адпустовай Імшы. У гаміліі ён прапанаваў прысутным паразважаць над таямніцай гэтай урачыстасці.

«Навошта гэтая грандыёзная ўрачыстасць у гонар Беззаганннай? Навошта гэтае ўзнясенне Яе прыгажосці? Хіба зачацце без граху настолькі цудоўнае і незвычайнае?..

Каб зразумець гэта, прыслухаемся да слоў святога апостала Паўла, які кажа, што па сваёй прыродзе мы ўсе былі дзецьмі гневу.

У той момант, калі наша душа, створаная Богам, аб’ядналася з нашым целам, калі мы пачалі існаваць у момант зачацця, мы ўсе былі забруджаныя плямай, уласцівай прыродзе чалавека, мы ўсе сталі грэшнікамі…

Але для Марыі, для Маці Божай — гэта не так. Яна пазбегла ўсеагульнай сапсаванасці. Удзельніца, як і ўсе мы, чалавечай натуры, Яна, аднак, не атрымала ад гэтай плямы, і таму Яна не пазбаўленая ласкі, як мы, але прыгожая для Бога. Марыя — бездакорная, поўная ласкі», — сказаў іерарх.

«Таямніца Беззаганнага Зачацця — сапраўдны цуд Усемагутнага Бога. У момант зачацця, калі Марыя павінна была стаць, як і кожны чалавек, грэшніцай, Бог адштурхоўвае ад парога Яе душы бруд і зародкі смерці, якія ён нясе з сабой. Марыя ўваходзіць ў гэтае жыццё святой, адлюстроўвае хараство і прыгажосць самога Бога.

Яна — сапраўднае дзіця Неба, і таму стаіць вышэй за ўсіх, як неба над Зямлёй»,

— дадаў біскуп.

Слухаючы іерарха, парафіяне мелі магчымасць задаць сабе пытанні: хто калі-небудзь дапаможа і нам быць падобнымі да Марыі? Хто калі-небудзь адмые нашу душу ад прыніжальных плямаў, каб мы былі падобныя да Маці Божай і прыгожыя для Бога?

Адказ пастыра гучаў абнадзейліва:

«…гэты цуд, дарагія браты і сёстры, ужо здзейсніўся над намі ў дзень нашага хросту. Тая самая ласка, якую заслужыў Езус Хрыстус, якая захавала Марыю, сцёрла таксама і з нашай душы пляму граху і замяніла яе нязмыўным знакам Божага дзіцяці, аднавіла нашу годнасць і права на Неба, якое было страчана першым чалавекам.

Але апостал Павел папярэджвае: мы нясём гэты скарб у далікатных пасудзінах. Як мы клапоцімся пра тое, каб гэты скарб захаваць? Усе, хто захаваў у сябе нявіннасць хросту ці вярнуў яе праз пакаянне, бойцеся! Сапраўды, бойцеся больш за ўсё калі-небудзь страціць гэтую ласку. Будзьце чуйнымі, каб зло не ўваходзіла ў вас, бо ачышчанае сэрца — гэта глыбокая пасудзіна. І тады ў нашу апошнюю гадзіну Справядлівы Суддзя пахваліць нас такімі словамі: “Хрысціянская душа, ты ўся прыгожая, бо ў табе няма заганы, няма граху…”»

Каб заслужыць гэтую ўзнагароду, удзельнікі Імшы папрасілі аб дапамозе Беззаганную Панну Марыю, якая ўся прыгожая, словамі малітвы:

«О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае».

Затым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Біскуп разам з вернікамі здзейсніў акт прысвячэння Беларусі і ўсяго беларускага народа Беззаганнаму Сэрцу Марыі, даручыўшы Айчыну Божай апецы і аддаўшы пад заступніцтва Яе матчыных далоняў і любові Яе матчынага сэрца.

Абноўлена 10.12.2020 09:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа