Пошук

09.12.2020 11:08   Тэкст: Арцём Кір’янаў / Фота: Павел Леановіч / Catholic.by

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання.

Гэты час семінарысты прысвяцілі асабістай і супольнай малітве, а таксама роздуму ў цішыні.

Праграма дня засяроджання была насычанай: на працягу дня будучыя святары мелі магчымасць разам маліцца на Ружанцы, удзельнічалі ў супольнай Літургіі гадзінаў і Эўхарыстыі. З нагоды марыйнай урачыстасці студэнты семінарыі разам са святарамі заспявалі ў капліцы Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці.

Духоўныя практыкаванні правёў для семінарыстаў ксёндз Валянцін Станкевіч з парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Волме (Мінска-Магілёўскай архідыяцэзія). Ён шчодра падзяліўся з будучымі душпастырамі сваім больш як дваццацігадовым досведам пастырскага служэння: як духоўным, так і практычным.

«Кожны з нас перажывае пэўныя крызісы. Не трэба баяцца іх! Няхай яны стануць добрай нагодай, каб разабрацца ў іх крыніцы, каб паглядзець на ўласнае сэрца.

Час фармацыі ў семінарыі — гэта магчымасць назапасіць скарбы, якія ў будучыні дапамогуць у святарскім служэнні», — падкрэсліў ксёндз Валянцін.

Урачыстую Святую Імшу ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Напачатку Эўхырыстыі іерарх падкрэсліў, што 8 снежня лічыцца патранальнай урачыстасцю Гродзенскай семінарыі і заклікаў яшчэ раз па-сямейнаму прытуліцца да Беззаганнага Сэрца Марыі.

«Прысвецім семінарыю — сэрца дыяцэзіі — матчынаму Сэрцу Багародзіцы», — дадаў іерарх.

Пасля святой Імшы ўсе прысутныя ў адказ на просьбу арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прысвяцілі сябе і ўсю Беларусь Беззаганамму Сэрцу Марыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця