6 снежня ў парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) адзначылі адпуст, з нагоды якога мясцовых вернікаў павіншаваў арцыбіскуп Кандрусевіч, скіраваўшы ім адмысловы ліст.
Пасланне іерарха з выгнання, адрасаванае шматгадоваму пробашчу свірскай парафіі ксяндзу каноніку Багуславу Маджэеўскаму, прысутным на ўрачыстасці святарам, кансэкраваным асобам, усім парафіянам і гасцям, было зачытана на пачатку ўрачыстай святой Імшы. У ім Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі павіншаваў вернікаў парафіі з нагоды адпусту святога Мікалая і з 30-годдзем вяртання старадаўняга касцёла ў Свіры тутэйшай каталіцкай супольнасці.
«Ад усяго сэрца дзякую ўсім тым, хто напрыканцы 80-х – напачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя мужна змагаўся за вяртанне касцёла парафіі. Тых з іх, якія ўжо адышлі з гэтага свету, няхай Бог адорыць вечным шчасцем, а жывых няхай благаслаўляе патрэбнымі ласкамі», — напісаў іерарх.
Словы асаблівай падзякі ён скіраваў святарам, якія прычыніліся да адраджэння свірскай парафіі і святыні, у асобе пробашча кс. каноніка Багуслава Маджэеўскага, які рупліва клапоціцца пра пастырскую дзейнасць і разам з парафіянамі шмат увагі прысвячае рамонту касцёла.
«Гэта вялікая ласка мець сваю святыню, якая з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам. Калі б сцены свірскага касцёла маглі прамаўляць, то распавялі б, як шмат цудаў навяртання адбылося ў гэтай прыгожай святыні. Колькі Імшаў цэлебравалася, колькі споведзяў, святых Камуній, шлюбаў, хростаў і іншых сакрамэнтаў адбылося тут! Гэта ведае толькі Бог», — падкрэсліў арцыпастыр.
Ён адзначыў, што 2020 год, які ўжо завяршаецца, прынёс шмат выпрабаванняў, сярод якіх асабліва цяжкімі аказаліся пандэмія каранавірусу і грамадска-палітычны крызіс у Беларусі.
«Яны агалілі шматлікія праблемы нашага грамадства, у тым ліку і духоўныя. Гэты балючы досвед павінен стаць для нас урокам таго, як будаваць будучыню. <…> Жывучы ў матэрыяльным свеце і клапоцячыся пра яго развіццё, мы павінны напаўняць яго духоўнымі каштоўнасцямі. Толькі тады ён будзе развівацца гарманічна», — упэўнены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Ён лічыць, што дапамагчы ў гэтым вернікам можа святы Мікалай, біскуп і цудатворца, які не раз аказваўся «хуткай дапамогай» для тых, хто трапіў у бяду і знаходзіцца ў патрэбе. Іерарх нагадаў, што з даўніх часоў у гонар гэтага святога людзі робяць адно аднаму падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці.
«Святы Мікалай увайшоў у гісторыю хрысціянства не толькі як цудатворца, але перадусім як чалавек, які рабіў шмат дабра іншым. Менавіта гэтага дабра патрабуе сучасны свет, каб змяніцца ў лепшы бок», — сцвердзіў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
Свой ліст арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітоўнай просьбай да святога Мікалая, каб праз яго заступніцтва і па ягоным прыкладзе сучасныя хрысціяне навучыліся перамагаць зло дабром, чаму вучыць Езус.
Развіваючы думку арцыпастыра ў прамоўленым Божым слове, айцец Аркадзь Куляха, кармэліт, які ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю ў свірскім касцёле, зазначыў, што такім чынам рэалізуюцца словы Хрыста: «Наблізілася да вас Валадарства Божае».
Ён дадаў, што сілы зла і цемры ўсяляк супраціўляюцца прыйсцю гэтага Валадарства святла і любові, сведкамі чаго з’яўляюцца сарваны са свірскай святыні крыж і скінуты з вежы звон, якія можна ўбачыць каля касцёла.
Аднак простыя ўчынкі хрысціянскай любові абяззбройваюць зло і вядуць да канчатковай перамогі дабра і прыйсця Валадарства Хрыста ў сэрцах людзей, яскравым прыкладам чаго з’яўляецца жыццё і ўзор святасці святога біскупа Мікалая, апекуна старадаўняй свірскай парафіі.
Трансляцыя адпустовай святой Імшы, што з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі адбывался ў не цалкам запоўненым касцёле, вялася на «Радыё Марыя», дырэктар якога, кс. Аляксандр Фаміных, на працягу ўсяго дня маліўся разам са свірскімі вернікамі.