Пошук

04.12.2020 16:25   Grodnensis.by

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выдаў Распараджэнне, якім з улікам складанай эпідэміялагічнай сітуацыі акрэслівае парадак правядзення аплаткавых сустрэч, пастырскага наведвання сем’яў і ўсталявання батлеек у святынях і побач з імі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

РАСПАРАДЖЭННЕ АДНОСНА АПЛАТКАВЫХ СУСТРЭЧ І КАЛЯДНАГА НАВЕДВАННЯ СЕМ’ЯЎ
У ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

У сувязі з эпідэміяй каранавірусу, у клопаце аб духоўным і фізічным здароўі вернага народу, прымаю рашэнне ўвесці на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі некаторыя абмежаванні, якія датычаць парафіяльнага душпастырства, з мэтай пазбегнуць заражэнняў і абмежаваць распаўсюджванне віруснай інфекцыі:

  1. адмяняюцца традыцыйныя аплаткавыя сустрэчы для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі;
  2. у парафіях, паводле разважлівага меркавання пробашчаў, можна запрасіць на аплаткавую сустрэчу, якой папярэднічае спецыяльная святая Імша або іншае адпаведнае набажэнства, прадстаўнікоў асобных катэгорый вернікаў (дзяцей, моладзь, сем’і і інш.), каб памаліцца ў іх інтэнцыі, а пасля заканчэння набажэнства сімвалічна падзяліцца аплаткамі, па меры магчымасці захоўваючы правілы эпідэміялагічнай бяспекі;
  3. традыцыйныя душпастырскія візіты ў сем’і з благаслаўленнем дамоў або памяшканняў (так званая Каляда) могуць адбывацца выключна па запрашэнні асобных сем’яў або людзей, з захаваннем рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і раней выдадзеных распараджэнняў касцёльных уладаў;
  4. традыцыйныя батлейкі ў касцёлах і капліцах або побач з імі належыць устанавіць такім чынам, каб выключыць магчымасць збірання каля іх празмернай колькасці людзей;
  5. шаноўных святароў прашу наведваць з сакрамэнтальнай паслугай хворых і пажылых людзей выключна па іх выразным пажаданні, захоўваючы пры гэтым усе сродкі асцярогі.

На плённае духоўнае перажыванне Адвэнту і святаў Божага Нараджэння сардэчна благаслаўляю.

Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі

Гродна, 4 снежня 2020

Абноўлена 04.12.2020 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця