Пошук

02.12.2020 11:04   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

30 лістапада ў парафіі святога Апостала Андрэя ў Нарачы былі падведзены вынікі конкурсу, прысвечанага жыццю і вучэнню святога Яна Паўла ІІ, удзельнікам якога скіраваў сваё пастырскае слова з выгнання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вітаючы юнакоў і дзяўчат з польскай Сакулкі, дзе арцыпастыр знаходзіцца з прычыны забароны на ўезд у Беларусь, ён напісаў:

«Хоць я далёка ад вас, тым не менш малюся за моладзь нашай краіны, якая з’яўляецца яе будучыняй. Якой яна будзе, залежыць не толькі ад прафесійнай падрыхтоўкі, але і ад духоўнай фармацыі», — адзначыў кіраўнік беларускага каталіцкга епіскапату.

Ён нагадаў, што ўжо стала добрай традыцыяй, што нарачанская парафія з нагоды свята свайго нябеснага апекуна штогод арганізуе Андрэйкі, якія сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі праводзіліся ў надзвычайным фармаце — дыстанцыйна.

У пастырскі год, які ў Касцёле ў Беларусі быў прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ з нагоды яго 100-гадовага юбілею, на Андрэйкі нарачанцы прапанавалі ўдзел у конкурсе ў фармаце відэакліпу пра святога Яна Паўла ІІ.

Самі ініцыятары, натхнёныя катэхеткай і настаўніцай Ірынай Шнітоўскай, адказна падышлі да справы і падрыхтавалі выдатны кліп, прысвечаны жыццю і вучэнню Вялікага Папы.

У ім яны таксама зачыталі словы, скіраваныя да ўдзельнікаў Андрэек арцыбіскупам Кандрусевічам і выказалі арцыпастыру сваю падзяку за яго духоўны клопат пра Касцёл у роднай Беларусі.

Акрамя нарачанцаў, свой кліп на конкурс даслалі дзеці і моладзь свірскай парафіі святога Мікалая, біскупа. З дапамогай катэхеткі сястры Людвікі Суравікінай з законніцкай супольнасці Дачок Марыі Беззаганнай яны знайшлі адказы на пытанні конкурсу, прыгатавалі ўлюбёнае печыва святога Яна Паўла ІІ, а таксама выканалі танец.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў надзею на тое, што гэты конкурс паглыбіць веды дзяцей і моладзі пра Яна Паўла ІІ, будзе спрыяць іх добраму духоўнаму выхаванню і дапаможа быць у жыцці сапраўднымі сведкамі Хрыста.

Свой зварот іерарх завяршыў пажаданнем:

«Няхай святы апостал Андрэй выпрасіць у Бога патрэбныя ўсім вам ласкі ў часы фізічнай і духоўнай пандэміі, каб вы былі здаровымі і маглі супрацьстаяць амаральным выклікам нашага часу, а прыклад ахвярнага служэння Богу і Касцёлу святога Яна Паўла ІІ няхай дапаможа вам падрыхтаваць дарогу і шырока адчыніць дзверы сваіх сэрцаў прыходзячаму Збаўцы».

Даверыўшы ўсіх удзельнікаў Андрэек Марыі, Маці адвэнтавага чування, святому апосталу Андрэю і святому Яну Паўлу ІІ, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў ім сваё пастырскае благаслаўленне.

Абноўлена 03.12.2020 09:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця