Пошук

23.11.2020 12:21   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by

У суботу 21 лістапада ў межах традыцыйных Апек Маці Міласэрнасці ў касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме ў Вільні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу на беларускай мове для тутэйшых беларусаў і пілігрымаў з Беларусі.

З суботы 14 лістапада ў Вільні адбываліся ўрачыстасці ў гонар Маці Міласэрнасці Вастрабрамскай, якія ў гэтым годзе прайшлі пад дэвізам Totus Tuus — «Увесь Твой».

Гэтыя словы біскупскага і папскага дэвізу святога Яна Паўла ІІ з нагоды яго 100-гадовага юбілею сёлета вызначылі тэму традыцыйных марыйных урачыстасцяў. Кожны дзень Апек быў прысвечаны тым ці іншым падзеям з жыцця Вялікага Папы і разважанню над яго вучэннем, поўным любові да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у межах Апек узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на беларускай мове для віленскіх беларусаў і пілігрымаў з нашай краіны ў касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме, дзе ён распачынаў сваё святарскае служэнне ў якасці вікарыя.

Іерарх падзяліўся з Catholic.by, што быў здзіўлены такой вялікай колькасцю прысутных. Паводле яго, у адпаведнасці з санітарнымі нормамі, якія дзейнічаюць у Літве ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, у касцёле маглі знаходзіцца каля 100 чалавек, але насамрэч іх было значна больш. Вялікая колькасць вернікаў таксама ўдзельнічала ў Імшы, стоячы звонку, на плошчы перад святыняй.

Гаворачы пра тое, як ён перажыў гэтую Эўхарыстыю, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызнаўся:

«Мне было вельмі цяжка казаць. Я ледзь стрымліваў слёзы. Тры месяцы мяне не пускаюць. За што?!

Увесь гэты час я не служыў сваім вернікам, а цяпер Бог даў такую магчымасць служыць беларусам, якія жывуць у Літве, а таксама тым, хто прыехаў з Беларусі, бо былі і такія», — адзначыў арцыпастыр, які з канца жніўня пазбаўлены законнай магчымасці вярнуцца на радзіму.

З выгнання Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі скіраваў вернікам некалькі відэаказанняў і пасланне на Адвэнт, які распачнецца ў наступную нядзелю. Падчас святой Імшы ў касцёле святой Тэрэзы іерарх падзяліўся планамі правесці ў відэафармаце адвэнтавыя рэкалекцыі для беларускіх вернікаў.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч шчыра падзякаваў усім тым, хто ўзяў удзел у святой Імшы ў касцёле святой Тэрэзы ў Вільні, падкрэсліўшы, што гэта стала для яго вялікай падтрымкай у той цяжкай сітуацыі, з якой яму давялося сутыкнуцца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця