Пошук

17.11.2020 16:49   Паводле: Sdb.by

14 лістапада ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у сядзібе Залессе (Смаргонскі дэканат Гродзенскай дыяцэзіі), што калісьці належала роду Агінскіх, адзін з прадстаўнікоў якога з’яўляецца аўтарам славутага паланеза «Развітанне з Радзімай», з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Як паведамляе Sdb.by, на пачатку ўрачыстасці парафіяне звярнуліся да іерарха з прывітальным словам. Ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB прывітаў біскупа, рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB, сабратоў салезіянаў і сясцёр салезіянак, парафіянаў і гасцей, сярод якіх былі старшыня Залескага сельвыканкама Зянон Грышкевіч і дырэктар музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага Людміла Градзіцкая.

Перад Імшой адбылося асвячэнне абраза Маці Божай Вастрабрамскай, які быў створаны на ахвяраванні парафіянаў і знаходзіцца ў галоўным алтары святыні.

Біскуп у сваім слове падкрэсліў, што ў кожнага чалавека ёсць свая маці на зямлі, а таксама Нябесная Маці Марыя, якую нам даў сам Пан Езус. Іерарх дадаў, што Езус хоча, каб праз рукі Яго Маці вернікі ўзносілі просьбы да Бога, а таксама што кожны павінен вучыцца казаць «не» граху, беручы прыклад з Марыі, якая была «поўная ласкі», гэта значыць не мела граху.

Біскуп звярнуў увагу на тое, што Марыя згаджаецца з воляй Бога, кажучы: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле Твайго слова». «А ці кожны з нас умее так пакорна прымаць Божую волю?» — задаў іерарх пытанне прысутным.

Пасля таго, як прагучалі словы падзякі ўсім, хто дапамог арганізаваць урачыстасць, адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол капліцы і асвячэнне новага крыжа, які быў ахвяраваны дабрадзеем са Смаргоні.

На заканчэнне свята дырэктару музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага Людміле Градзіцкай была ўручана ганаровая грамата за дапамогу ў захаванні і развіцці духоўных каштоўнасцяў. Дзякуючы за высокую адзнаку сваёй дзейнасці, дырэктар заахвоціла прысутных надалей супрацоўнічаць адно з адным у культурна-духоўным развіцці, кіруючыся жыццёвым вопытам Міхала Клеафаса Агінскага.

 

Абноўлена 17.11.2020 18:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.