19 ліпеня падчас нядзельнай Эўхарыстыі ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Залессі вернікі прывіталі свайго новага пробашча, якім стаў стаў ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, залеская капліца была пабудавана на пачатку XIX ст. з цэглы пры сядзібна-паркавым ансамблі кампазітара і палітычнага дзеяча Міхаіла Казіміра Агінскага. Зноў адчынена пасля камуністычнага панавання ў 1990 г., уваходзіць у склад парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, якой апякуюцца салезіяне.
Ксёндз Павел Шчарбіцкі быў прызначаны пробашчам у парафію 12 ліпеня.
Католікі Залесся таксама ўрачыста прывіталі святара ў сваёй капліцы. Пад гук каплічнага звона парафіяне сустрэлі новага пробашча ля святыні традыцыйным хлебам-соллю. Пасля слоў прывітання кс. Павел атрымаў ад парафіянаў кветкі і, выказаўшы падзяку за цёплы прыём, увайшоў у капліцу.
Святую Імшу цэлебраваў новы пробашч, канцэлебраваў вікарый парафіі кс. Артур Ляшнеўскі SDB.
У гаміліі кс. Павел адзначыў, што ўсе мы з самага пачатку з’яўляемся добрым зернем, аднак намаганнямі злога духа можам ператварыцца ў пустазелле.
Пасля Імшы пробашч падзякаваў усім сабраным у капліцы за прысутнасць і добрыя словы. Святар паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб заспакоіць духоўныя патрэбы вернікаў, падкрэсліўшы, што душпастырскую сям’ю ў Залессі духавенства і вернікі парафіі будуць будаваць разам.