20 лістапада ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай, якая месціцца на тэрыторыі палацава-паркавага комплекса Агінскіх у Залессі (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат), адбыўся традыцыйны адпуст у гонар Марыі, Маці Міласэрнасці.
Як паведамляецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, узначаліў урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі дэкан Смаргонскага дэканату ксёндз Антоній Казлоўскі, пробашч парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе. Гамілію прамовіў ксёндз Вадзім Сурвіла, пробашч парафій ў Войстаме і Данюшаве. Таксама на ўрачыстасці прысутнічалі салезіяне, якія нясуць сваё служэнне ў Залессі: ксёндз канонік Здзіслаў Вэдэр SDB, ксёндз Міхаіл Радзевіч SDB і пробашч парафіі ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB. Таксама на ўрачыстасці прысутнічалі сёстры салезіянкі.
У гаміліі ксёндз Вадзім Сурвіла распавёў сабраным гісторыю ўзнікнення абраза ў Вострай Браме і яго сімволіку. Святар заклікаў вернікаў быць міласэрнымі, як Марыя: прабачаць, любіць, несці супакой.
Літургію святой Імшы стройным спевам упрыгожыў парафіяльны хор са Смаргоні.
Напрыканцы Эўхарыстыі пад гук звана і эўхарыстычных спеваў адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол капліцы. Пасля радаснага спеву гімна Te Deum і благаслаўлення, вернікаў Залесся і іх душпастыраў павіншавала са святам дырэктар музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага Людміла Градзіцкая.
Капліца ў родавым маёнтку Агінскіх, пабудаваная ў XVIII стагоддзі, дзейнічае як філіяльная святыня пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Смарогні, якой апякуюцца святары салезіяне.
У Залессі ў 1802–1806 гадах жыў вядомы кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Лічыцца, што менавіта тут ім быў створаны ягоны самы славуты твор — ля-мінорны паланэз «Развітанне з Радзімай».



