Пошук

12.11.2020 09:32   Паводле: Марына Сінкевіч / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

Пробашч парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне адышоў у вечнасць 9 лістапада, днём раней памерла яго маці Станіслава Мозгель. На Глыбоччыне ксёндз Леанід служыў крыху больш за год, а раней быў душпастырам у Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці і Ідолце.

Як паведамляе Catholicnews.by, 11 лістапада развітацца з сабратам прыехалі святары з Глыбоцкага дэканату, да якога належаў апошні год спачылы, і з іншых парафій Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій. Пахавальную Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Іерарх дзякаваў Богу за дар жыцця і паклікання ксяндза Леаніда, які правёў у святарстве 17 гадоў, і за ласкі, якія Пан праз яго рукі ўдзяліў вернікам.

У гаміліі біскуп выказаў смутак з прычыны заўчаснай смерці святара. «Нечакана і вельмі балюча. Малады святар, 52 гады. Можна шмат разважаць, чаму так сталася, але дакладна ведаем, гледзячы вачыма веры на гэтую сітуацыю, усім кіруе Пан Бог», — сказаў іерарх.

Кажучы пра крызіс пакліканняў у сучасным свеце, пастыр Віцебскай дыяцэзіі заахвоціў вернікаў пры труне пробашча абудзіць у сваіх сэрцах жаданне і малітву з просьбай аб новых пакліканнях да святарства. «Спадзяемся, што ксёндз Леанід будзе ў гэтым нашым заступнікам, будзе выпрошваць і на сваё месца, каб было каму яго замяніць у такой важнай і цяжкай справе святарскай паслугі», — адзначыў іерарх.

Біскуп узгадаў у сваім слове і спачылую маці кс. Леаніда Станіславу, якая дала жыццё будучаму святару, а на дарозе яго паклікання была тым чалавекам, які дапамог адкрыць гэты вялікі дар у сэрцы сына. «Святарства нараджаецца ў сям’і і там распачынае ўжо сваю фармацыю на гэтай дарозе.

Святарская заслуга ксяндза Леаніда вялікая, але не меншая ў гэтым заслуга і яго маці,

— дадаў біскуп. — Гэта сціплы святар, якога можна назваць місіянерам. Нарадзіўся на Гродзеншчыне, але служыць прыехаў на ўсход краіны — Ветрына, Фарынава. Распачынаў свой святарскі шлях на духоўнай цаліне, але ніхто і ніколі не чуў ад яго слоў наракання».

На заканчэнне Эўхарыстыі спачуванні парафіянам і падзяку спачыламу святару за сціпласць і паслухмянасць выказалі кс. Міхал Станчук, які быў яго першым пробашчам у 2006 годзе ў Фарынаве, дэкан Глыбоцкі кс. Мікалай Ціхановіч і дэкан Мёрскі, а ў мінулым папярэдні пробашч у Дзеркаўшчыне кс. Андрэй Кулік. Ксёндз Андрэй сказаў, што мёрскія парафіяне з вялікім смуткам прынялі навіну аб смерці і духоўна далучаюцца да малітвы і памяці, бо не так даўно ксёндз Леанід нёс Божае слова на мёрскай зямлі.

Пасля Імшы труна з целам ксяндза Леаніда была вынесеная са святыні да рытуальнай машыны, дзе адбылася развітальная малітва, а потым труны святара і яго маці перавезлі на радзіму — у Старыя Васілішкі, дзе 12 лістапада адбудзецца пахаванне.

Абноўлена 12.11.2020 09:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.