9 лістапада распачаўся беатыфікацыйны працэс сястры Ванды Банішэўскай з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, якая нарадзілася ў Каменцы каля Навагрудка.
Як паведамляе Grodnensis.by, урачыстае адкрыццё працэсу, які пры паспяховым выніку завершыцца абвяшчэннем сястры Ванды благаслаўлёнай, адбылося ў капліцы арцыбіскупаў Варшаўскіх у сталіцы Польшчы.
Беатыфікацыйны працэс распачаўся праз 17 гадоў з часу смерці гэтай законніцы, якая адрознівалася святасцю жыцця, была містыкам і мела на сабе стыгматы — раны, падобныя да ранаў Збаўцы.
Ініцыятарамі працэсу сталі законніцы з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, да якой належала Ванда Банішэўская. Ён будзе праводзіцца Варшаўскай архідыяцэзіяй, на тэрыторыі якой памерла кандыдатка да хвалы алтара.
Ванда Банішэўская нарадзілася ў 1907 годзе ў вёсцы Каменка каля Навагрудка і жыла там разам з бацькамі, братамі і сёстрамі, пакуль не ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў у Вільні.
Жыццё сясцёр гэтай супольнасці адрозніваецца тым, што яны не маюць нейкай асаблівай манаскай вопраткі і асаблівым чынам дапамагаюць святарам у іх душпастырскім служэнні.
Падчас цырымоніі адкрыцця працэсу адбылося прывядзенне да прысягі адмысловага трыбуналу, які на дыяцэзіяльным этапе даследуе гераічнасць цнотаў Слугі Божай, правярае доказы і меркаванне аб яе святасці.
Пастулятарам у працэсе будзе кс. доктар Міхал Сяніцкі SAC, спецыяліст у галіне кананічнага права, выпускнік рымскага ўніверсітэта Санта-Крочэ.
Гэты беатыфікацыйны працэс пакліканы паказаць, што гераізм магчымы нават у найцяжэйшых абставінах жыцця. Ванда Банішэўская, нягледзячы на несправядлівае асуджэнне на гады прабывання ў савецкіх вязніцах, гераічна заставалася з Хрыстом, даючы сведчанне пра Яго і носячы на целе Яго раны.
Сваё цярпенне законніца з-пад Навагрудка ахвяроўвала за святароў.
У ходзе працэсу будуць таксама даследаваны дар яе стыгматаў і пасланне, якое даручыў ёй Хрыстус.
На заканчэнне першага ўрачыстага пасяджэння ў ходзе працэсу кардынал Казімір Ныч узначаліў малітву праз заступніцтва сястры Ванды Банішэўскай.
Пра гісторыю сястры Ванды Банішэўскай можна прачытаць у матэрыяле, апублікаваным на старонцы газеты «Слова Жыцця» ТУТ>>>
Малітва праз заступніцтва Слугі Божай Ванды Банішэўскай
Божа, які Слугу Божую сястру Ванду Банішэўскую з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў паклікаў весці ўтоенае жыццё і даў асаблівую ласку ўдзелу ў муцы Твайго Сына і прынясення ў ахвяру свайго цярпення ў інтэнцыі святароў, учыні, каб Касцёл узнёс яе да хвалы алтара і атрымаў яе заступнітцтва.
Праз заступніцтва Слугі Божай Ванды ўдзялі мне ласку… (выказаць просьбу), аб якой пакорна прашу Цябе.
Амэн.