Пошук

27.10.2020 11:32   Тэкст: Кс. Алег Зямчонак / Фота: Анатоль Бандарчук-Вошлаў / Catholic.by

З 18 па 25 кастрычніка ўпершыню ў гісторыі катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбыліся святыя Місіі, якія правялі святары з законніцкай супольнасці рэдэмптарыстаў.

Вернікі маладой парафіяльнай супольнасці, равесніцы ХХІ стагоддзя, загадзя пачалі духоўную падрыхтоўку да місій — за год да іх правядзення. Кожная сям’я атрымала запрашэнне ад пробашча парафіі ксяндза каноніка Валерыя Орсіка, які стаў ініцыятарам правядзення святых Місій. Пры гэтым святар зазначыў:

«Святыя Місіі — гэта час духоўнага аднаўлення нашай парафіі, час навяртання і асаблівай малітвы дзеля нашага духоўнага перамянення <…> Святыя Місіі — гэта час рахунку сумлення за ўсё жыццё; гэта — „рэнтген“ нашай веры. Калі Пан Бог благаслаўляе, нічога не страшна, бо Ён не дае нам немагчымых заданняў».

У межах падрыхтоўкі да святых Місій у парафіі Езуса Міласэрнага адбываліся сустрэчы розных груп, супольныя малітвы і набажэнствы. Важным момантам духоўнай падрыхтоўкі стала перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага, які сем’і парафіі прымалі ў сваіх дамах. Такім чынам праз досвед асабістай сустрэчы з Панам парафіяне духоўна падрыхтаваліся прыняць Яго ў сваё жыццё з дапамогаю святых Місій, якія праводзілі ксяндзы Андрэй Ядкоўскі CSsR і Віктар Бохан CSsR.

На пачатку пробашч сустрэў місіянераў пры ўваходзе ў касцёл і на час святых Місій перадаў ім стулу, сімвал святарскай улады, а таксама ключы ад святыні.

Парафіяльныя місіі працягваліся восем дзён, прычым кожны дзень быў прысвечаны той ці іншай тэме і меў сваё духоўнае вымярэнне.

У дзень пакаяння, перапрашэння і прабачэння парафіяне прыступалі да споведзі, а пробашч, лежачы крыжам перад алтаром, маліўся і перапрашаў Бога за ўсе грахі даручаных яго пастырскай апецы вернікаў. У дзень, прысвечаны сям’і, адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, што дапамагло сужонкам глыбей адчуць узаемную адказнасць, якая грунтуецца на вернасці ў любові і нязменных хрысціянскіх каштоўнасцях.

На заканчэнне кожнага дня місій адбывался адмысловая малітва-заклік да нашай нябеснай Матулі Марыі. 

Шмат іншых набажэнстваў і духоўных практыкаванняў адбылося падчас святых Місій у віцебскай катэдральнай парафіі. Нягледзячы на працяглую літургію, вернікі перажылі гэты асаблівы час як час асаблівай ласкі і аднаўлення веры. Апошні дзень святых Місій стаў днём падвядзення высноваў і ўсталявання місійнага Крыжа — першага ў сучаснай гісторыі Віцебска.

З гэтай радаснай і важнай нагоды пробашч парафіі сказаў: «Нам усім важна быць разам, таму што ўсе мы, розныя, утвараем адзіную супольнасць.

Няхай місійны Крыж пры ўваходзе ў касцёл будзе сведчаннем нашай веры. Няхай жа ў нашай супольнасці стане добрай традыцыяй перш, чым зайсці ў святыню, спыніцца на хвілінку каля крыжа, які стаў прыладаю нашага збаўлення. Гэта крыж гора і радасці, бо дабро заўжды перамагае зло. Няхай гэты Крыж будзе выразам нашай любові і адданасці Богу і Касцёлу», — дадаў ксёндз Валерый Орсік.

Абноўлена 27.10.2020 11:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа