Пошук

19.10.2020 12:42   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Постэр акцыі «Мільён дзяцей моліцца Ружанец»

18 і 19 кастрычніка дзеці ва ўсім свеце моляцца на ружанцы. Ад Алжыра да Новай Зеландыі, ад Польшчы да Японіі самыя малодшыя вернікі звяртаюцца да Маці Божай з просьбай аб міры, адзінстве і спыненні пандэміі.

Таксама ў Мінску 19 кастрычніка дзеці збяруцца на супольную малітву з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім. Малітва будзе праходзіць у двары Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра «Місіі добрага самараніна» і распачнецца ў 18.30. Гэтая сусветная акцыя мае назву «Мільён дзяцей моліцца Ружанец».

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтая незвычайная кампанія, арганізаваная Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», праводзілася ў нядзелю ў сем’ях, а днём пазней праходзіць у школах, якія вырашылі падтрымаць яе.

Яна распачалася ў 2005 годзе ў Венесуэле, да яе таксама заахвочваў падчас малітвы «Анёл Панскі» на мінулым тыдні Папа Францішак.

«Ружанец — магутная зброя ў руках дзяцей. У нашу эпоху, калі дамінуюць эгаізм, войны і адраджэнне нацыяналізму, ружанцовая малітва становіцца неабходнай і дзейснай, калі ёю моліцца вялікае мноства чыстых душ, такіх чыстых, як у дзяцей», — сказаў касцёльны асістэнт фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» ў Італіі кс. Марціно Пуэрто дзі Сэрано. Сам Папа Францішак падкрэсліў, што «мы павінны маліцца Ружанец, каб абараніць Касцёл і чалавецтва ад нападаў д’ябла».

Ксёндз Сэрано перакананы, што гэтая малітва можа змяніць свет. «Ідэя бярэ пачатак у Венесуэле. У 2005 годзе адна з жанчын суправаджала дзяцей, якія маліліся Ружанец перад санктуарыем Маці Божай. Тады ёй прыгадалася абяцанне, дадзенае айцом Піо: калі мільён дзяцей будуць разам маліцца Ружанец, свет зменіцца. Таму нарадзілася наша акцыя, — адзначыў святар. — Гэта таксама наша інтэнцыя, каб змяніць аблічча гэтага свету, у якім так мала міру».

«Мы заахвочваем да малітвы асабліва ў сем’ях; мы хочам, каб дзеці разам з цэлымі сем’ямі маліліся Ружанец.

Мы таксама хочам, каб і ў школах, наколькі гэта магчыма, гэтая акцыя атрымлівала развіццё. Ружанец — гэта малітва, якую можна практыкаваць кожную хвіліну і ў кожны час», — дадаў касцёльны асістэнт Папскага фонду.

Кожная група, сям’я і школа могуць свабодна вырашаць, як арганізаваць малітву сваіх дзяцей у нядзелю і панядзелак. Да ўдзелу запрашаюцца і дарослыя. Маліцца можна дзе заўгодна, таксама ў адзіноце або едучы ў транспарце.

Абноўлена 19.10.2020 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця