Пошук

15.10.2020 12:50   Тэкст: с. Лена Міхалковіч / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

11 кастрычніка пры парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адзначылі Дзень бедных, які ва ўсім свеце праводзіцца па ініцыятыве Папы Францішка ўжо ў чацвёрты раз.

«Працягні руку сваю да беднага», — такім заклікам Святы Айцец распачаў сваё пасланне на IV Сусветны дзень бедных, які адзначаецца ў нядзелю перад урачыстасцю Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

Сёстры місіянеркі Святой Сям’і разам з вернікамі парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах наладзілі святкаванне Дня бедных раней, як і ў мінулым годзе, паколькі надвор’е для гэтага цяпер больш спрыяльнае.

Урачыстасць распачалася цэлебрацыяй святой Імшы, у якой узялі ўдзел таксама бедныя і патрабуючыя жыхары горада. Па традыцыі, пасля Эўхарыстыі для дарагіх гасцей быў арганізаваны пачастунак і выступленне народнага ансамбля «Берагіня» з аграгарадка Дарава Ляхавіцкага раёна.

У сёлетнім Пасланні на Дзень бедных Папа Францішак нагадвае, што ў беднасці шмат твараў, але ў кожным з іх мы сустракаем Пана Езуса, які прысутнічае ў найменшых братах (пар. Мц 25, 40).

Таму неабходна затрымаць позірк на бедным, каб выбраць правільны кірунак у асабістым і грамадскім жыцці, каб яно было ахоплена Божай любоўю (пар. Пасланне на IV Сусветны дзень бедных, 3).

Святы Айцец часта нагадвае нам, што мы таксама маем патрэбу ў працягнутай нам руцэ дапамогі (пар. Тамсама, 7): «У любові служыце адзін аднаму. Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Гал 5, 13–14). Натхнёныя гэтымі словамі апостала Паўла, вернікі Баранавічаў стараюцца іх выконваць канкрэтнымі справамі дапамогі патрабуючым і запрашаюць да гэтага іншых.

 

Абноўлена 15.10.2020 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця