Пошук

05.10.2020 16:18   Паводле: Ангеліна Марцішэўская / Grodnensis.by / Catholic.by

5 кастрычніка ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі у Гродне (пабрыгіцкім) адбылася святая Імша на распачацце новага навучальнага года ў Гродзенскім тэалагічным каледжы імя святога Казіміра.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, у супольнай Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, узялі ўдзел навучэнцы, выкладчыкі і адміністрацыя каледжа.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі іх усіх, просячы асаблівай Божай дапамогі для тых, хто толькі распачынае вучобу ў гэтай касцёльнай навучальнай установе.

Сёлета на першы год навучання ў тэалагічны каледж былі залічаны адзінаццаць чалавек, якія пажадалі пашырыць уласныя гарызонты, паглыбіць рэлігійныя веды, а ў будучыні служыць у якасці катэхетаў у парафіях Гродзенскай дыяцэзіі.

У прамоўленай гаміліі кс. Юрый Марціновіч, які ў верасні быў прызначаны дырэктарам каледжа, падкрэсліў, што гэтая навучальная ўстанова дае магчымасць засяродзіцца на Божым Слове, вывучаць філасофію, тэалогію і такім чынам лепш пазнаць каталіцкае веравучэнне.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў удзячнасць адміністрацыі каледжа за намаганні ў падрыхтоўцы будучых катэхетаў і добрых хрысціянаў. Навучэнцам ён пажадаў, каб набытыя веды яны выкарыстоўвалі ў сваім штодзённым хрысціянскім жыцці.

На заканчэнне святой Імшы першакурснікам былі ўручаны заліковыя кніжкі.

Потым навучэнцы, якія стварылі хор пад кіраўніцтвам выкладчыцы музыкі Вольгі Маркевіч, выканалі студэнцкі гімн Gaudeamus igitur, пасля чаго дырэктар каледжа ўрачыста абвясціў, што новы навучальны год 2020–2021 адкрыты.

Абноўлена 05.10.2020 17:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа