Пошук

01.10.2020 18:17   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

1 кастрычніка, ва ўспамін святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, у сталічным касцёле святога Яна Хрысціцеля адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У мінулы раз святары і законнікі збіраліся разам 20 лютага. Пасля доўгага перапынку, выкліканага складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй і летнім перыядам, удзел у сустрэчы ўзяло асабліва шмат духоўных і кансэкраваных асобаў з Мінскай і Магілёўскай вобласцяў.

Удзельнікі сустрэчы разам памаліліся і абмеркавалі актуальныя справы мясцовай супольнасці Касцёла са сваімі пастырамі — Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім і Біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.

Сустрэча распачалася Літургіяй гадзінаў, пасля чаго айцец Юрый Кулай, кармэліт босы, прызначаны нядаўна пробашчам парафіі Божага Цела ў Мінску, у духоўнай канферэнцыі наблізіў асобу і духоўнасць святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса — славутай на ўвесь свет кармэліткі і Доктара Касцёла.

Працягнуўся дзень малітоўнага засяроджання выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту з магчымасцю споведзі.

Кульмінацыяй сустрэчы стала супольная Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. На пачатку святой Імшы ён прывітаў усіх удзельнікаў, многія з якіх пераадолелі доўгі шлях, каб быць разам са сваімі братамі і сёстрамі, і запрасіў іх да супольнай малітвы за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які да гэтага часу знаходзіцца ў незаконным выгнанні і не можа вярнуцца ў Беларусь.

«Ён духоўна яднаецца з намі, перадае сваё благаслаўленне. Тыя цярпенні, якія яму цяпер даводзіцца перажываць, ён ахвяруе за наш Касцёл, за ўсіх нашых вернікаў, святароў і сясцёр законных», — перадаў біскуп Юрый словы арцыпастыра, з якім напярэдадні меў тэлефонную размову.

У гаміліі, якую падчас святой Імшы прамовіў айцец Юрый Кулай OCD, святар засяродзіўся на духоўнасці святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, у цэнтры якой знаходзілася любоў.

Пробашч мінскай парафіі, якой духоўна апякуюцца кармэліты, звярнуў увагу на тое, што менавіта адсутнасць любові з’яўляецца прычынаю гуманітарнага крызісу і насілля, з якімі сёння сутыкнуўся беларускі народ.

Ён заахвоціў духоўных і кансэкраваных асобаў да ажыўлення гэтай боскай цноты, якая з’яўляецца сутнасцю Хрыстовага вучэння і дапамагае ў штодзённым жыцці перамагаць зло дабром.

Пасля Эўхарыстыі адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, на якой былі абмеркаваны актуальныя пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю каталіцкіх супольнасцяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Перадусім біскуп Юрый Касабуцкі шчыра падзякаваў усім братам у святарстве і сёстрам законным за малітоўную і іншую падтрымку ўсіх, хто пацярпеў ад крызіснай сітуацыі, якая склалася ў беларускім грамадстве. Нагадаўшы духоўным і кансэкраваным асобам, што Касцёл не ўдзельнічае ў палітычным жыцці, іерарх заахвоціў іх працягваць маліцца і рабіць усё магчымае для захавання міру, згоды, адзінства і братняй салідарнасці на беларускай зямлі асабліва ў кастрычніку — месяцы, прысвечаным у Касцёле малітве на Ружанцы.

Біскуп Юрый таксама выступіў з прапановай правесці ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Навэнну да святога Юды Тадэвуша — заступніка ў складаных справах і апекуна арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча — у інтэнцыі хутчэйшага вяртання арцыпастыра на Радзіму.

Гэтая ініцыятыва была з энтузіязмам падтрыманая ўсімі прысутнымі.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце адказвае за семінарыі і фармацыю духавенства, звярнуў увагу на крызіс пакліканняў, які перажывае сёння Касцёл на Беларусі.

Іерарх заахвоціў святароў да малітвы ў гэтай інтэнцыі і прапановы канкрэтных ініцыятыў, скіраваных на развіццё душпастырства пакліканняў.

Яго выступ дапоўніў куратар першага курса Вышэйшых духоўных семінарый у Гродне і Пінску ксёндз Павел Эйсмант, распавёўшы прысутным пра дзейнасць і патрэбы гэтай першаснай фармацыйнай супольнасці Касцёла на Беларусі.

Адказны за душпастырства моладзі ксёндз Андрэй Бурак з мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі распавёў пра тое, што робіцца для таго, каб каталіцкая моладзь, якая прыязджае на вучобу ў вялікія гарады, не згубіла сувязі з Касцёлам, а таксама прадставіў папярэдні план моладзевых мерапрыемстваў на 2020–2021 навучальны год.

Завяршыў арганізацыйную частку сустрэчы канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, які пазнаёміў з персанальнымі зменамі ў архідыяцэзіі, што адбыліся за апошні час.

На заканчэнне пастырскай сустрэчы біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ўдзялілі яе ўдзельнікам пастырскае благаслаўленне.

Наступная пастырская сустрэча духавенства Мінскай вобласці пройдзе 12 лістапада ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, а духавенства Магілёўшчыны 4 лістапада збярэцца на сустрэчу ў Бялынічах.

Абноўлена 01.10.2020 18:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа