25 верасня ў Глыбокім адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч». Канферэнцыя праводзілася ў межах выканання дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016-2020 гады «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства».
Як паведамляе Catholicnews.by, арганізатарамі навуковага форуму выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, пробашч парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску кандыдат гістарычных навук ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, Міжнародны экалагічны інстытут імя А.Д. Сахарава БДУ, Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт.
У канферэнцыі ўдзельнічалі людзі, для якіх асоба Эдварда Вайніловіча з’яўляецца прыкладам служэння беларускаму народу. У форуме ўзялі ўдзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалай Ціхановіч, благачынны Глыбоцкага раёна протаіерэй Міхаіл Ізаітка, рабін Віцебска Малкіель Гаргодзэ.
Для ўдзельнікаў была падрыхтавана выстава «Малой радзіме прысвячаецца».
На правах гаспадара прысутных прывітаў старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шубскі.
Намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук РБ Вадзім Лакіза ўзгадаў унікальную гістарычную спадчыну Глыбоччыны, распавёў пра мэту правядзення канферэнцыі і працу інстытута.
Біскуп Алег Буткевіч падзякаваў арганізатарам форуму за запрашэнне і выбар месца правядзення, падкрэсліў міжканфесійнасць удзельнікаў. Іерарх адзначыў, што Эдвард Вайніловіч фундаваў будаўніцтва касцёлаў і праваслаўных цэркваў, не адмаўляў у дапамозе іншым канфесіям. Біскуп дадаў, што асобу Вайніловіча вызначае мужнасць, хрысціянская пакора, яднанне сваіх цярпенняў з цярпеннямі Хрыста на крыжы.
Іерарх падкрэсліў каштоўную выхаваўчую ролю Эдварда Вайніловіча для сучаснай моладзі.
Протаіерэй Міхаіл Ізаітка перадаў прывітальнае слова ад епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація і падкрэсліў, што мы адзіны беларускі народ.
Рабін Малкіель Гаргодзэ шчыра падзякаваў за запрашэнне, распавёў, што яго сям’я паходзіць з Глыбокага, і зазначыў, што іўрыт у пэўным сэнсе таксама паходзіць з Глыбокага.
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк падкрэсліў экуменічны дух Вайніловіча, чысціню веры, шанаванне людзей усіх веравызнанняў, а таксама дадаў, што ён праз усё жыццё пранёс словы «Няхай вернікі Беларусі ўсіх канфесій, кожны ў сваёй святыні, славяць аднаго Бога ў небе».
Падчас пленарнага пасяджэння выступілі з дакладамі і навукова-практычнымі працамі навукоўцы, настаўнікі і вучні, пераможцы конкурсу навукова-даследчых прац. Адбылося ўзнагароджванне вучняў і настаўнікаў дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Сярод тых, хто атрымаў падзяку Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі за папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Глыбоцкага раёна, быў пробашч парафіі ў Глыбокім ксёндз Мікалай Ціхановіч.
Гасцям і ўдзельнікам форуму была прапанавана аглядная экскурсія па Глыбокім. Адбылася праца ў секцыях. На заканчэнне былі падведзены вынікі працы і адбылося ўрачыстае закрыццё канферэнцыі.