20 верасня ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі айцец Ігнат Падарэцкi ад Хрыста Укрыжаванага з ордэну кармэлітаў босых цэлебраваў сваю першую Імшу.
Пра гэта паведамляе Grodnensis.by.
Днём раней у Гудагаі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў яму сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.
Малады святар паходзіць з парафіяльнай супольнасці ў Гудагаі, з вёскі Слабодка, таму гэты дзень стаў асабліва ўрачыстым для жыхароў вёскі.
На ўрачыстасці, якая пачалася з благаслаўлення, удзеленага бацькамі свайму сыну на яго святарскі шлях, сабраліся шматлікія вернікі гудагайскай парафіі і госці з суседніх.
Айца Ігната ў зробленымі парафіянамі вянку, які неслі дзеці, правялі ў святыню, дзе ён быў ахрышчаны.
Сваю першую Імшу новапрэзбітэр цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто прычыніўся да развіцця яго паклікання і да яго духоўнага ўзрастання i каму ён вельмі ўдзячны.
Гамілію прамовіў Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD, нагадаўшы ў ёй пра задачы і абавязкі, якія вынікаюць з прынятага пасвячэння.
Хор, які спяваў на Імшы, пасля яе заканчэння выканаў песню для мамы айца Ігната «Маці святара».
Урачыстасць завяршылася прыміцыйным благаслаўленнем, якое новапрэзбітэр удзяліў усім прысутным у святыні.
Дзеці, моладзь і дарослыя парафіяне павіншавалі а. Ігната, які падзякаваў усім і папрасіў аб малітве.