Пошук

14.09.2020 16:07   Тэкст: Кацярына Дурко / Фота: Кацярына Дурко, Іна Ждановіч / Catholic.by

13 верасня ў вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адзначалі юбілей вяртання і рэкансэкрацыі касцёла. Таксама вернікі маліліся аб хуткім вяртанні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму.

Па прычыне пандэміі каранавірусу святкаванне гадавіны рэкансэкрацыі, якую ў чэрвені 1990 года здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, было адмыслова перанесена на нядзелю перад парафіяльным святам Узвышэння Святога Крыжа. Планавалася, што нядзельную літургію ўзначаліць сам арцыбіскуп. Нягледзячы на тое, што іерарх не мог фізічна прысутнічаць у Вілейцы, вернікі духоўна лучыліся з ім і маліліся аб яго хуткім вяртанні да сваёй паствы.

Да святкавання юбілею парафіяне рыхтаваліся тры дні праз малітву Крыжовага шляху і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якіх перапрашалі Бога за правіны асабістыя і ўсяго грамадства, маліліся за памерлых фундатараў і дабрадзеяў парафіі.

Падчас святой Імшы ў нядзелю прысутныя дзякавалі Богу за вяртанне святыні і адраджэнне веры на гэтай зямлі, а таксама прасілі, каб ніколі не вярнуліся часы пераследу Касцёла.

З нагоды юбілею арцыбіскуп Кандрусевіч даслаў спецыяльны ліст да вілейскіх парафіянаў, які падчас гаміліі зачытаў пробашч парафіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла. Вернікі выслухалі слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага стоячы і ўглядаючыся ў партрэт іерарха, які трымалі ў руках, што стала знакам іх павагі і духоўнай лучнасці са сваім пастырам.

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
да вернікаў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы
з нагоды юбілею 30-годдзя дзейнасці касцёла

Глыбокапаважаны пробашч ксёндз канонік Аляксандр Барыла,
паважаныя святары, браты і сёстры!

Радаснае і знакавае свята сёння ў старажытнай Вілейцы, каталіцкая супольнасць адзначае юбілей 30-годдзя вяртання касцёла Узвышэння Святога Крыжа. Гэтую радасць падзяляю з вамі з сэрцам, якое абліваецца крывёю, і слязьмі на вачах, бо з-за забароны вярнуцца на Радзіму не магу быць разам з вамі як ваш Пастыр.

Добра памятаю дзень 6 чэрвеня 1990 года, калі адбылася рэкансэкрацыя касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Уся плошча перад святыняй была напоўнена вернікамі. Пасля амаль што 50-ці гадоў аднавіліся набажэнствы ў гэтым прыгожым касцёле, дзе быў Дом мастацтва. Нам патрэбныя музеі, фабрыкі, кінатэатры, выставачныя залы і г.д., але дом малітвы павінен быць домам малітвы.

Здавалася, што ў прыгожым вілейскім касцёле больш ніколі не загучыць малітва, не будзе абвяшчацца Божае слова і цэлебравацца сакрамэнты, але Бог яшчэ раз паказаў, што немагчымае чалавеку становіцца магчымым для Бога.

Бог, аднак, дзейнічае праз людзей. У сувязі з гэтым хачу падзякаваць ксяндзу прэлату каноніку Эдмунду Даўгіловічу, які ў той час духоўна апекаваўся вілейскімі вернікамі. Выказваю падзяку парафіянам, без рашучасці і намаганняў якіх немагчыма было б вярнуць касцёл. Дзякую тагачасным дзяржаўным уладам, якія адчыталі знакі часу аб надыходзячых сацыяльна-палітычных зменах у былым Савецкім Саюзе, завяршэнні доўгага перыяду пераследу рэлігіі і перадалі касцёл каталіцкай супольнасці.

Дзякую святарам, якія тут працавалі: кс. Эдмунду Даўгіловічу, кс. Алегу Мурзічу, вікарным святарам. Адзін з іх, кс. Юрый Касабуцкі, стаў біскупам. Так што вілейскую парафію ў пэўным сэнсе можна назваць трамплінам да біскупскага стану.

Асабліва дзякую пробашчу кс. каноніку Аляксандру Барылу, які рупліва клапоціцца як пра матэрыяльны стан касцёла, так і пра духоўны. Яго намаганнямі ажыццяўляюцца рамонты святыні, пабудаваны парафіяльны дом, арганізуюцца розныя пастырскія акцыі, добра пастаўлена катэхеза і праца з моладдзю, ёсць пакліканні да святарства і г.д. Асабліва трэба ўспомніць вядомы далёка за межамі Вілейкі парафіяльны хор.

Усё гэта сведчыць, што апошнія 30 гадоў у дзейнасці парафіі не прайшлі дарэмна і яна з’яўляецца адной з найбольш дынамічных.

Сімвалічна, што юбілей 30-годдзя вяртання касцёла адзначаецца ў парафіяльнае свята Узвышэння Святога Крыжа. На крыжы Езус здзейсніў справу збаўлення чалавецтва. Дзякуючы гэтаму крыж больш не з’яўляецца інструментам жудасных цярпенняў, але знакам збаўлення і надзеі.

Крыж — гэта знак хрысціянства, якое, як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI, не з’яўляецца наборам нормаў ці філасофскай сістэмай, але сустрэчай з асобай Езуса Хрыста. Гэта сустрэча нялёгкая, бо патрабуе адказу ад самога сябе і жыцця паводле Божага закону. А такое жыццё сучасным чалавекам успрымаецца як сапраўдны крыж. Аднак іншага шляху да ўдасканалення няма. Таму неабходна паўтарыць за святым апостала Андрэем: «Вітай, крыж, адзіная мая надзея», узяць яго і несці ў асабістым, парафіяльным і грамадскім жыцці.

Наша краіна перажывае нябачаны дасюль грамадска-палітычны крызіс. Гэта новы крыж нашага народу.

Ці ўмеем яго несці ў духу адмовы ад насілля, у духу справядлівасці, дыялогу, хрысціянскай любові, міласэрнасці і прабачэння?

Без гэтага няма шляху да мірнага вырашэння крызісу.

Дзякую ўсім вам за малітвы ў інтэнцыі хутчэйшага мірнага вырашэння крызісу ў нашым міралюбным народзе. Гэта наш супольны абавязак, і мы самі павінны клапаціцца пра нашу будучыню, каб яна была шчаслівай.

Выказваю шчырую падзяку за малітвы, словы падтрымкі і салідарнасць са мною. Фізічна не магу быць сярод вас, але духоўна — з вамі. Ніякія забароны на ўезд у Бацькаўшчыну, што само па сабе гучыць як парадокс, і ніякія межы не могуць абмежаваць духоўнай і малітоўнай еднасці.

Дарагія браты і сёстры!

Адзначаючы свята Узвышэння Святога Крыжа, неабходна памятаць аб словах Збаўцы, што калі Ён будзе ўзнесены ўверх, прыцягне да сябе ўсіх.

Няхай яны дапамогуць нашаму грамадству вырашаць праблемы, кіруючыся праўдай Евангелля.

Пасхальнай таямніцай крыжовай смерці і ўваскрасення Езус перамог грэх, смерць і злога духа. Як пасля захаду сонца наступае яго ўсход, таксама і пасля смерці Езуса наступіла Яго збаўчае ўваскрасенне. Езус паказаў, што толькі праз цярпенні прыходзіць перамога. Таму мы павінны з любоўю ўзяць і несці крыж сучасных праблем нашага грамадства, каб будаваць новую Беларусь на вечна жывых каштоўнасцях Евангелля.

На гэты шлях, давяраючы ўсіх вас збаўчай праўдзе крыжа Езуса Хрыста, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беласток, 13 верасня 2020 г.

На заканчэнне літургіі адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла з удзелам дзяцей і моладзі парафіі. Напрыканцы ўрачыстасці ксёндз канонік Аляксандр Барыла заахвоціў усіх вернікаў штодня маліцца за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, аб яго хуткім вяртанні і вырашэнні праблемаў у нашай Айчыне.

Святыня ў Вілейцы пасля Другой сусветнай вайны была зачынена і ў 1946 годзе ператворана ў склад, які размяшчаўся ў будынку да 1970-х гадоў, калі касцёл быў абвешчаны помнікам архітэктуры. У 1979 годзе ў ім пачаліся рэстаўрацыйныя працы, а ў 1988 годзе ў касцёле быў урачыста адкрыты Дом мастацтваў. У будынку святыні пачала працаваць канцэртна-выставачная зала. Аднак вернікі Вілейкі намагаліся вярнуць касцёл. Дзякуючы іх старанням, а таксама тагачаснаму пробашчу ксяндзу Эдмунду Даўгіловічу святыня была вернута католікам.

4 сакавіка 1990 года, пасля амаль 50-гадовага перапынку, у ёй цэлебравалася святая Імша.

6 чэрвеня 1990 года адбылася рэкансэкрацыя касцёла, якую здзейсніў Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Абноўлена 14.09.2020 16:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.