Пошук

14.09.2020 13:11   Тэкст і фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

13 верасня ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім 25-годдзе манаскага жыцця адзначыла сястра Людміла Рубніковіч з Кангрэгацыі сясцёр францішканак Сям’і Марыі.

Як паведамляе партал Сatholicnews.by, сястра Людміла нарадзілася і вучылася ў Глыбокім, там жа адказала Пану Богу «так» на Яго заклік, даўшы пачатак глыбоцкім пакліканням у супольнасць францішканак Сям’і Марыі. Пазней яе шлях фармацыі праходзіў у Польшчы. Пасля першых манаскіх абяцанняў яна на некаторы час вярнулася ў Беларусь, затым вучылася ў Польшчы, служыла ў Пскове і Санкт-Пецярбургу.

Амаль праз 20 гадоў рашэннем генеральнай настаяцельніцы сваёй супольнасці яна была накіравана на радзіму, дзе працягвае служыць Богу і людзям у сакрыстыі і на занятках катэхезы.

Як адзначае Сatholicnews.by, вялікай Божай ласкай і падарункам для с. Людмілы стала тое, што з нагоды юбілею за яе мела магчымасць маліцца не толькі родная парафія, але і ўся Беларусь дзякуючы трансляцыі святой Імшы на «Радыё Марыя», каманда якой завітала ў Глыбокае.

Літургія распачалася працэсіяй, якая прывяла законніцу ў вянку і з запаленым светачам у руках да алтара. Урачыстую Эўхарыстыю цэлебраваў пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч.

«Сёння сястра Людміла дзякуе Пану Богу за ласку срэбнага юбілею манаскага жыцця. Просім для яе аб ласцы вытрымкі Богу і Святому Касцёлу да канца свайго жыцця і каб была святлом для свету і вялікай Божай любоўю праз сваё манаскае служэнне», — у гэтай інтэнцыі святар заклікаў маліцца прысутных вернікаў і радыёслухачоў.

На заканчэнне Імшы словы віншаванняў сястры выказалі дзеці, моладзь і прадстаўнікі парафіі.

«Старэйшыя памятаюць мяне яшчэ маленькай. У тыя часы, калі нельга было хадзіць адкрыта, вы былі тут. Я, малая дзяўчынка, гэта бачыла. Гэта было прыгожае сведчанне. І сёння я дзякую за вашу веру, вашу малітву. Плёнамі гэтай малітвы з’яўляемся мы — сёстры, якія тут жывем і працуем», — падзякавала сястра Людміла старэйшым і малодшым вернікам глыбоцкай парафіі, якія цяпер з’яўляюцца яе сям’ёй.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця