6 верасня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося асвячэнне фрэскі святога Яна Паўла ІІ, якое здзейсніў ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, дырэкатар ДКТ Caritas Віцебскай дыяцэзіі.
З’яўленне новага элемента сакральнага роспісу ў святыні было прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння Караля Вайтылы, вядомага ва ўсім свеце пад імем Яна Паўла ІІ. Выява святога Яна Паўла ІІ стала выразам удзячнасці і пашаны да наступніка святога апостала Пятра, які на нашых землях аднавіў структуры Каталіцкага Касцёла, знішчаныя бязбожным і нялюдскім савецкім рэжымам.
З яго асобай звязаныя тыя глабальныя перамены, якія прывялі да разбурэння савецкай імперыі зла і адраджэння веры і духоўнасці там, дзе панавала атэістычная прапаганда, пераслед веры і ўсялякага іншадумства.
Прычым гэтыя перамены адбыліся не з дапамогаю палітычных інтрыг і рэвалюцый, а дзякуючы трывалай малітве і бязмежнаму даверу да Маці Божай, якой святы Ян Павел ІІ цалкам даручыў сябе самога, сваё служэнне і ўвесь свет.
У час, калі Беларусь перажывае нябачаны сацыяльна-палітычны і гуманітарны крызіс, для вырашэння якога неабходныя грунтоўныя перамены чалавека і грамадства і адбудова жыцця на духоўных каштоўнасцях, у касцёлах нашай краіны ўзносіцца малітва за Бацькаўшчыну паводле святога Яна Паўла ІІ.
У гэтай малітве мы даручаем нашу Радзіму заступніцтву Найсвяцейшай Багародзіцы з даверам, што яна выпрасіць патрэбныя ласкі для ўсяго нашага народа на складаным этапе яго гісторыі.
Важную ролю ў пошуку выйсця з крызісу пакліканы адыграць менавіта вернікі, хрысціяне, чыёй «зброяй» з’яўляецца малітва, якая па прыкладу святога Яна Паўла ІІ дапамагае перамагаць зло дабром.