Духоўныя практыкаванні праводзіў айцец Аляксандр Жарнасек МІС, які нясе служэнне ў Росіцы.
На працягу трох дзён семінарысты разважалі над шэрагам тэм: што значыць быць чалавекам, як стаць сапраўдным мужчынам, якіх адносінаў чакае ад нас Пан, хто такі Дух Святы і якую ролю Ён адыгрывае ў духоўным жыцці хрысціяніна.
Гэтым пытанням айцец Аляксандр прысвяціў шэраг канферэнцый і гамілій. Таксама ён падзяліўся сваімі разважаннямі падчас Крыжовага шляху.
Праграма рэкалекцый была разнастайнай і насычанай, уключала святую Імшу, супольную Літургію гадзінаў, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь.
Падсумоўваючы вынікі духоўных практыкаванняў, а. Аляксандр звярнуў увагу на тое, што ў цэнтры прапаведвання і евангелізацыі, якія здзяйсняе святар, павінна стаяць Добрая Вестка.
«Не звод правілаў, не каноны, не правільныя паводзіны, а менавіта простая вестка аб тым, што Бог любіць чалавека, што хтосьці асабіста мае значэнне для Пана», — падкрэсліў ён.
На заканчэнне духоўных практыкаванняў рэктар і дэкан семінарыі выказалі рэкалекцыяністу падзяку ад семінарыйнай супольнасці.
Студэнты спадзяюцца, што добры старт у выглядзе рэкалекцый стане задаткам паспяховага навучальнага года.