4 верасня канонікі Гродзенскага катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра Каралевіча сабраліся ў катэдры святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне на супольную малітву аб хутчэйшым вяртанні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, таксама яны разам з вернікамі маліліся аб вырашэнні крызісу ў грамадстве, аб міры і згодзе ў Беларусі.
Сустрэча пачалася з Літургіі гадзінаў, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Вітаючы ўдзельнікаў, ён адзначыў, што гэтая малітва з’яўляецца духоўнай падтрымкай у цяжкія хвіліны для арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому 31 жніўня было адмоўлена ў вяртанні ў Беларусь.
Пасля Літургіі гадзінаў адбылася святая Імша ва ўспамін благаслаўлёных Марыі Стэлы і яе дзесяці паплечніц, мучаніц з Навагрудка, у інтэнцыі хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму і за ўвесь Касцёл на Беларусі.
Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. «У гэты дзень, калі Касцёл успамінае благаслаўлёных сясцёр з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, мы скіроўваем да Бога нашу малітву праз іх заступніцтва з вялікай надзеяй, што яна будзе выслухана», — сказаў іерарх.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што «ў гэты дзень мы духоўна пераносімся ў месца, дзе ненавідзелі жыццё», «у месца пакарання, дзе чалавек забіваў чалавека» — «у Батароўскі лес у Навагрудку, дзе сёння ўзносіцца крыж Езуса Хрыста».
Іерарх дадаў, што мучаніцы з Навагрудка аддалі сваё жыццё па ўласнай ініцыятыве за бацькаў сем’яў, таму сёння яны заахвочваюць таксама сучасных людзей да ахвяры і прысвячэння.
Як падкрэсліў дапаможны біскуп дыяцэзіі, благаслаўлёныя назарэтанкі заклікаюць усіх жыхароў зямлі паверыць, што Бог ёсць любоў, і абудзіць у сабе надзею, каб аддана і верна ісці за Хрыстом.
Па словах іерарха, мучаніцы гродзенскай зямлі, якія пралілі сваю кроў падчас Другой сусветнай вайны, «кажуць аб тым, што нельга пабудаваць свет без прабачэння, згоды і дыялогу».
«Мір базуецца на запаведзях любіць Бога і бліжняга, а без захавання гэтых дзвюх запаведзяў загіне чалавецтва», — сказаў біскуп.
На заканчэнне літургіі іерархі ўдзялілі ўсім прысутным у святыні пастырскае благаслаўленне на час выпрабавання ў веры.