Пошук

03.09.2020 18:01   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

3 верасня ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску на супольную малітву за Беларусь і аб вяртанні з выгнання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сабраліся ксяндзы канонікі Мінскага катэдральнага капітулу.

Малітоўная сустрэча распачалася з Літургіі гадзінаў, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Вітаючы ўдзельнікаў, ён шчыра падзякаваў ксяндзам канонікам за спантанную ініцыятыву гэтай малітвы, скіраваную на тое, каб духоўна падтрымаць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і прасіць патрэбных Божых ласкаў для яго і для ўсёй нашай краіны.

«Вы сёння хацелі паказаць сваю любоў да Касцёла ў Беларусі; вы хацелі праявіць сваю сыноўскую адданасць нашаму Мітрапаліту арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і таму вырашылі сабрацца сёння на супольную малітву ў нашай катэдры. На малітву аб хутчэйшым вяртанні нашага дарагога, любімага Мітрапаліта, нашага пастыра, які цяпер не можа вярнуцца на Радзіму, каб кіраваць нашым Касцёлам», — сказаў найбліжэйшы супрацоўнік арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, перадаўшы ад яго імя падзяку за памяць і малітву.

Па словах біскупа Юрыя, сам арцыпастыр, які атрымаў часовы прытулак у свайго сябра-святара ў Моньках, што непадалёк ад Беластока, зусім блізка ад роднай Беларусі, духоўна далучаецца да малітвы разам з канонікамі Мінскага катэдральнага капітулу.

Звяртаючыся да ўсіх прысутных вернікаў, якія прыйшлі ў катэдру, каб памаліцца за свайго арцыпастыра, біскуп Касабуцкі падкрэсліў, што малітва — гэта адзіная «зброя» Касцёла, якая, тым не менш, мае неверагодную моц. Па словах іерарха, малітва ў гэтую хвіліну з’яўляецца таксама выразам еднасці і салідарнасці, што аб’ядноўвае людзей, дапамагае разам шукаць выйсця са складанай сітуацыі і выстаяць ва ўсіх выпрабаваннях.

Пасля Літургіі гадзінаў распачалася святая Імша ва ўспамін святога Грыгорыя Вялікага ў інтэнцыі хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму, а таксама за ўвесь Касцёл на Беларусі, які перажывае нябачаны з савецкіх часоў пераслед.

«Молімся аб тым, каб мы вытрывалі ў веры, каб захавалі паміж сабою адзінства, бо менавіта ў адзінстве — наша сіла. Каб ніхто не змог нас падзяліць, перасварыць паміж сабою, бо ў нашай краіне мы, прадстаўнікі розных канфесій, заўсёды сябравалі. Няхай жа ніякія правакацыі не здолеюць нас падзяліць, пасеяць паміж намі варажнечу», — сказаў напачатку біскуп Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Карыстаючыся нагодаю, іерарх падзякаваў вернікам іншых канфесій і рэлігій за падтрымку Касцёла ў цяжкай сітуацыі, перадусім за малітву. «Як мы разам маліліся аб спыненні пандэміі каранавірусу, як разам маліліся аб спыненні насілля, так цяпер на розных мовах <…> узносяцца малітвы за нашага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча», — адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.

На вялікае значэнне малітвы звярнуў увагу ў прамоўленай гаміліі таксама ксёндз канонік Андрэй Яркавец, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. Ён адзначыў, што цяпер усё больш людзей звяртаюцца да Бога, заклікаючы Яго святое імя, і ўсё часцей у самых розных месцах можна пачуць беларускі рэлігійны гімн-малітву «Магутны Божа».

«Усё больш мы горнемся да Магутнага Бога ў малітве за нашую Айчыну», — дадаў святар, прапанаваўшы ўдзельнікам Эўхарыстыі ўзгадаць момант асаблівай малітвы Хрыста ў Гетсэманскім садзе.

«Гетсэманія — гэта не толькі месца падрыхтоўкі да Кальварыі, якая чакала Хрыста. Гэта таксама асобы — не толькі тыя, якія былі тады там з Хрыстом, але ўсе мы, бо кожны з нас перажывае ў пэўны момант сваю Гетсэманію. Гэта час, калі трэба ў малітве зачэрпнуць моцы для нясення крыжа», — сказаў ксёндз Андрэй. Ён дадаў, што часам пачынае здавацца, што малітвы не выслухоўваюцца, бо адказ на іх прыходзіць не адразу, хоць па-чалавечы мы гэтага вельмі хочам.

«Нават Езусу было не проста прыняць у Гетсэманіі келіх Божай волі з рук Нябеснага Айца, а тым больш нам, слабым людзям. Мы, стомленыя нашымі штодзённымі абавязкамі, працай, можам нават задрамаць, як Пётр і іншыя Апосталы. <…>

Цяпер, адарваўшыся ад сваіх абавязкаў, мы сабраліся тут, каб чуваць у малітве, якая з’яўляецца для нас крыніцаю свежай, жывой вады, пра якую казаў у сваім слове наш арцыбіскуп Тадэвуш.

Мы, святары, павінны цяпер асабліва стараннам маліцца, бо нашыя вернікі глядзяць нам у вочы, чакаючы, што мы скажам ім у гэтай складанай сітуацыі. Павінны маліцца, каб нам хапіла сіл не зламацца, вытрываць, паказаць свой давер да Пана Бога», — падкрэсліў ксёндз канонік Андрэй Яркавец. У гістарычны момант, які цяпер перажывае наша краіна, ён заклікаў заступніцтва Маці Божай Будслаўскай і абарону святога Арханёла Міхала, нябеснага заступніка Беларусі, каб сцераглі наш народ ад усялякага зла.

На заканчэнне святой Імшы была прачытаная асаблівая малітва за Бацькаўшчыну праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, укладзеная калісьці святым Янам Паўлам ІІ, а таксама малітва да святога Арханёла Міхала.

Звяртаючыся да прысутных вернікаў, біскуп Юрый Касабуцкі заўважыў, што ў нашых людзей — сапраўды залатыя сэрцы і залатыя душы, а твары свецяцца любоўю, якая натхняе на Божыя справы, таму што Бог ёсць любоў.

Завяршылася цэлебрацыя спевам-малітваю «Магутны Божа» — рэлігійным гімнам нашага міралюбнага народа з глыбокімі хрысціянскія каранямі, якія сягаюць да глыбіняў жыватворчай вады Божай Праўды.

Абноўлена 24.09.2020 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа