Пошук

28.08.2020 14:27   Паводле: Вк / Парафія св.Яна Паўла II у Смаргонi / Catholic.by

20 жніўня моладзь са смаргонскай парафіі святога Яна Паўла ІІ узяла ўдзел у аднадзённым сплыве на байдарках па Віліі, арганізаваным у гонар 100-гадовага юбілею нябеснага апекуна іх парафіяльнай супольнасці.

На старонцы парафіі ў сацыяльнай сеці Вк паведамляецца, што сплыў распачаўся з удзелу ў святой Імшы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Данюшаве (Смаргонскі дэканат).

Разам са сваім пробашчам ксяндзом Яўгенам Учкуронісам юнакі і дзяўчаты разам маліліся за нашу Бацькаўшчыну Беларусь праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ — Папы вялікіх пераменаў.

Пасля Эўхарыстыі ў прыгожай драўлянай святыні, пабудаванай больш за 200 гадоў таму, смаргонская моладзь разам правяла цудоўны дзень, у які Бог благаславіў маладых вандроўнікаў добрым надвор’ем. Сплыў па маляўнічай Віліі дапоўніла цікавая экскурсія, падчас якой Алег Мізула пазнаёміў юнакоў і дзяўчат з гісторыяй і цікавымі мясцінамі іх малой радзімы.

Ушанаваць такім чынам Вялікага Папу было вырашана невыпадкова. Рэч у тым, што святы Ян Павел ІІ вельмі любіў сплывы на байдарках.

Як святар ён шмат разоў браў у іх удзел разам са студэнцкай моладдзю, душпастырам якой з’яўляўся.

Цікавы факт: нават яго намінацыя на біскупа адбылася ў той час, калі ксёндз Караль Вайтыла разам з моладдзю ўдзельнічаў у сплыве па рацэ Лаве. Для таго, каб паведаміць пра гэта, святара падчас адной са стаянак тэрмінова выклікалі ў Варшаву. Прыняўшы прызначэнне дапаможным біскупам Кракаўскай архідыяцэзіі, будучы Папа вярнуўся на раку, каб разам з усімі завяршыць сплыў.

Абноўлена 28.08.2020 14:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця