Пошук

25.08.2020 12:08   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Баляслаў Гавецкі / Grodnensis.by

22 жніўня ў сваёй роднай парафіі святой Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне сястра Ганнa Мацуль з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прынесла вечныя манаскія абяцанні.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, ва ўрачыстай падзеі ўдзельнічалі святары, назарэтанкі, якія служаць у Беларусі, найбліжэйшыя родныя сястры, вернікі гэтай парафіі i сябры.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які маліўся аб дапамозе Духа Святога ва ўмацаванні сястры ў вернасці прынесеным абяцанням.

Гамілію прамовіў а. Ян Асіповіч SchP, які падкрэсліў, што ў гэты дзень маладая законніца запрашае Езуса назаўсёды пакінуць след у яе жыцці. «Цані і захоўвай у сваім жыцці, а перадусім у сваім сэрцы, гэтую пячатку Езуса. Няхай Твая штодзённасць будзе моцным доказам любові да Езуса, які з сённяшняга дня назаўсёды з’яўляецца тваім нарачоным і мілым», — сказаў святар.

Айцец Ян адзначыў, што праз прынясенне вечных манаскіх абяцанняў Бог кліча законніцу быць блізка да Яго».

Па словах святара, Пан хоча, каб яна «праз сваё жыццё, поўнае слабасцяў і немачы», шукала «Божую сілу і Божую мудрасць, каб умець быць гэтай зоркай, якая асветліць шлях для іншых, для кожнага», каго сустрэне на жыццёвым шляху.

Сястра, адказваючы на пытанні біскупа Гродзенскага, абяцала яшчэ больш дасканала прысвяціць сябе Богу, з дапамогай Яго ласкі прыняць і заўсёды захоўваць той спосаб жыцця ў дасканалай чыстасці, паслухмянасці і ўбостве, якія абралі сабе Хрыстус Пан і Яго Маці.

 

Яна абяцала праз руплівае спаўненне наказаў Евангелля і захаванне канстытуцыі сваёй законнай супольнасці рашуча і нястомна імкнуцца дасканала любіць Бога і бліжняга, а будучы ўмацавана ласкай Духа Святога, аддаць усё жыццё на служэнне Божаму народу.

Як знешні знак вечнага пасвячэння сястра атрымала пярсцёнак са словамі па-лацінску: «Мой каханы мой, а я Ягоная», што нагадваюць пра запавет, заключаны з Богам.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў сястры Ганне кожны дзень узрастаць у святасці, да якой усіх людзей запрашае сам Езус Хрыстус, а жывучы ў духу евангельскіх парадаў чыстасці, убоства і паслухмянасці, старацца штодзень быць вернай Пану.

На заканчэнне сястра, перапоўненая радасцю, дзякавала Богу за гэты цудоўны дзень, які ўключыў яе ў паўнаце ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, дзе яна будзе падзяляць з гэтай законнай сям’ёй усё, што Бог падрыхтаваў для яе ў сваёй адвечнай любові. Разам са сваімі паплечніцамі яна будзе пашыраць Валадарства Божай любові на нашай зямлі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.