Пошук

17.08.2020 15:45   Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч / Фота: Эвеліна Лукашэвіч / Grodnensis.by

16 жніўня ў гістарычным цэнтры Гродна разам сабраліся на малітве духавенства і вернікі хрысціянскіх Цэркваў: праваслаўныя, католікі, грэка-католікі, пратэстанты, прадстаўнікі евангельскай і юдэйскай рэлігійных супольнасцяў.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, у гэты цяжкi для Бацькаўшчыны час яны ў адзін голас прасілі Бога за нашу краіну, якая нагадвае сёння ўзбуранае мора. Людзі маліліся за мірнае вырашэнне крызіснай сітуацыі і вызваленне нявінна затрыманых у Беларусі.

Прадстаўнікі розных канфесій нагадалі аб важнасці ўзаемнага прабачэння, навяртання і жыцця па Божых запаведзях.

Малітоўнае шэсце пачалося ад каталіцкай катэдры святога Францішка Ксавэрыя. Удзельнікі прайшлі да месца, дзе калісьці стаяла Фара Вітаўта, узарваная бязбожнымі савецкімі ўладамі ў 1961 годзе, а адтуль скіраваліся да гродзенскага гета. Завяршылася малітва каля будынка харальнай сінагогі.

«Мы вельмі радыя, што гэтая ініцыятыва якая ўзнікла за адзiн дзень, змагла аб’яднаць вернікаў розных хрысціянскіх канфесій, а таксама прадстаўнікоў юдэйскай супольнасці і грамадскіх арганізацый горада Гродна.

У гэты складаны час мы будзем працягваць разам маліцца аб міры і аб перамозе ад Госпада для ўсёй Беларусі!» — дзеляцца арганізатары малітоўнай ініцыятывы Яўген i Таццяна Калодзіны з міжканфесійнага юдэйска-хрысціянскага служэння «Шомэр Інтэрнэшнл».

Супольная малітва паказала, што вернікам незалежна ад канфесійнай прыналежнасці важна, каб наша краіна была шчаслівая, а людзі, якія жывуць у ёй, маглі адчуваць сябе ў бяспецы. Усе яе ўдзельнікі заклапочаны тым, каб у Беларусі запанавалі жаданы мір, еднасць і згода.

Абноўлена 24.09.2020 14:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа