15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай вернікі маліліся за Беларусь у цяжкі для Бацькаўшчыны час.
Цэлебрацыю святой Імшы ў адпустовую ўрачыстасць узначаліў пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік.
У Эўхарыстыі бралі ўдзел больш за дзве сотні мясцовых вернікаў і пілігрымаў, якія ў індывідуальным парадку прыбылі ў гэты дзень да Маці Божай Будслаўскай. З дапамогай прамой трансляцыі, што пастаянна вядзецца з Нацыянальнага санктуарыя, а з нагоды ўрачыстасці таксама была адмыслова арганізавана парталам Catholic.by, да сабраных перад цудадзейным абразом Каралевы Беларусі духоўна далучыліся каля пяці соцень удзельнікаў з розных куткоў нашай краіны і з-за мяжы.
З мінулай нядзелі ў Будславе праходзяць парафіяльныя святыя місіі, якія для мясцовых вернікаў праводзяць святары з законніцкай супольнасці рэдэмптарыстаў.
У перадапошні дзень місій у прамоўленым падчас Імшы Божым слове ксёндз Віктар Бохан CSsR засяродзіўся на тым, кім для кожнага верніка з’яўляецца Багародзіца, Маці Божая і добрая Матуля кожнага хрысціяніна, заўсёды гатовая даць самае дарагое — свайго Сына Езуса Хрыста, якога пяшчотна трымае на руках.
Падчас Эўхарыстыі ўсе прысутныя на Імшы хворыя і пажылыя людзі мелі магчымасць прыняць сакрамэнт намашчэння хворых.
Цяпер уся наша Бацькаўшчына з’яўляецца цяжка хворай, і ўмацаваць яе для пераадолення гэтай смяротнай хваробы можна толькі святым алеем малітвы, пакаяння і братняй салідарнасці з тымі, хто сёння бязвінна пакутуе.
Аб ацаленні целаў, душаў і сумленняў сыноў і дачок беларускага народа прасілі Нябесную Маці ўдзельнікі ўрачыстасці ў Будславе.